«Дзеля справядлівага цэнаўтварэння». У Беларусі анансавалі новы механізм рэгулявання коштаў


У Беларусі стварылі экспертную рабочую групу, якая прыдумае альтэрнатыўныя механізмы цэнавага рэгулявання. Яны мусяць «вырашаць задачы справядлівага цэнаўтварэння і недапушчэння злоўжыванняў», заявіў агенцтву БелТА першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец. Пакуль жа кошты рэгулююцца пастановаю Савету міністраў.

Жанчына набывае садавіну на Камароўскім рынку ў Менску, Беларусь. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

У экспертнай групе – прадстаўнікі гандлю, імпарцёры, вытворцы розных галінаў: лёгкая прамысловасць, сельская гаспадарка, харчовая прамысловасць. Іхныя прозвішчы не называюцца. Таксама не ўдакладняецца, чаму ўладаў не задавальняе ўрадавая пастанова аб рэгуляванні цэнаў, ухваленая летась.

Паводле намесніка кіраўніка МАРГ Івана Вежнаўца, рабочая група мусіць прыдумаць «альтэрнатыўныя спосабы цэнавага рэгулявання ў параўнанні з тымі, якія існуюць на гэты момант»:

«Гэта спроба выпрацаваць нейкія іншыя механізмы, якія будуць вырашаць задачы справядлівага цэнаўтварэння, недапушчэння злоўжыванняў, у першую чаргу ў дачыненні пакупнікоў. Акрамя таго, гэтыя механізмы мусяць быць гнуткімі, каб бізнес і вытворцы маглі аператыўна рэагаваць на змену сітуацыі на ўнутраным і вонкавым рынках».

Чыноўнік не выключыў, што вынікам працы экспертаў стануцца новыя змены заканадаўства.

«Неабходна ацаніць, як альтэрнатыўныя механізмы цэнавага рэгулявання агулам паўплываюць на сітуацыю на спажывецкім рынку. Калі мы будзем бачыць, што пэўны спосаб дае магчымасць вырашыць пастаўленыя задачы, то тады ўжо будзе больш прадметнае абмеркаванне з пункту гледжання юрыдычнай фармалізацыі і ўнясення прапановаў ураду», – сказаў Вежнавец.

Hавiны
У Беларусі аднавілі рэгуляванне коштаў на лекі
2023.04.10 19:07

Таксама прадстаўнікі бізнесу і чыноўнікі абмяркуюць пастанову аб рэгуляванні цэнаў, што дзее цяпер, каб выявіць «вузкія праблемныя месцы ейнай рэалізацыі». Не выключаюцца змены «праваўжывальнай практыкі МАРГ або наглядных органаў», падсумаваў намеснік міністра.

Скандальную пастанову №713 аб рэгуляванні цэнаў ухвалілі ў леташнім кастрычніку. Эксперты папярэджвалі, што гэтыя нярынкавыя захады пагражаюць дэфіцытам, хаця і сапраўды могуць запаволіць інфляцыю.

Па краіне пракацілася хваля правяранняў крамаў, паведамлялася пра крымінальныя справы за завышэнне цэнаў нават на капейкі.

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў раней казаў, што пастанова будзе дзеяць мінімальна да канца года.

Разбор
Як цягам года мяняліся цэны ў Беларусі: валатыльнасць мяса і інвестыцыйная прывабнасць бінтоў
2023.04.13 07:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў