Чыноўнікі праводзілі рамонт трасы М10 на паперы, што прывяло да росту ДТЗ


Па факце доўгага рамонту аўтатрасы М10 у Рэчыцкім раёне Пракуратура Гомельскай вобласці завяла крымінальную справу. Аказалася, што чыноўнікі праводзілі рамонт дарогі на паперы, але ў рэальнасці дарожнае палатно заставалася ў неналежным стане і стала прычынай 26 аварыяў.

Траса М10.
Крыніца: БелТА

Нагодай для праверкі сталі крытычныя заўвагі беларусаў у інтэрнэце, якія скардзіліся на мноства ямаў на дарозе, якія прывялі да 26 ДТЗ, піша БелТА.

Пракуратура пачала праверку для ўсталявання прычын працяглага капітальнага рмонту ўчастка аўтадарогі М10 у Рэчыцкім раёне і высветліла, што намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве і начальнік службы па тэхнічным наглядзе за будаўніцтвам РУП «Гомельаўтадар», а таксама дырэктар філіяла дарожна-будаўнічага ўпраўлення нумар 17 ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст нумар 2 Гомля» выраблялі ілжывыя афіцыйныя дакументы, у якія ўносілі факты аб правядзенні дарожных работ на ўчастку дарогі М10 граніца РФ (Селішча) – Гомля – Кобрын.

Падазраваныя склалі і падпісалі акты аб выкананні будаўнічых і іншых працаў за снежань 2023 года, а таксама даведкі аб кошце праведзеных работ. Гэтыя дакументы яны перадалі ў галоўнае ўпраўленне Міністэрства фінансаў, на падставе якіх ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст нумар 2 Гомля» атрымала з дзяржбюджэту больш за 3 мільёны рублёў.

Пракуратура завяла крымінальную справу па факце злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэксу). Справа накіраваная ва ўпраўленне Следчага камітэту па Гомельскай вобласці.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў