Распачаўся першы завочны суд – у «справе адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі»


У Беларусі 12 снежня пачаўся завочны суд – у «справе адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі». Аб працэсе паведамляе «Вясна». У справе праходзяць пяцёра асобаў, якія цяпер за мяжою.

Працэс у «справе адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі». Менскі гарадскі суд, 12 снежня 2022 года.
Фота: «Вясна» / spring96.org

У Менскім гарадскім судзе пачалося судовае паседжанне ў справе супраць адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі». Гэта першы завочны суд у межах спецыяльнай вытворчасці. У справе праходзяць Яніна Сазановіч, Дзмітрый Навоша, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая. Усе пяцёра цяпер за мяжою.

Фігурантаў вінавацяць за адміністраванне тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі» паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») і ч. 3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні персанальных звестак»). КДБ унёс фігурантаў у «тэрарыстычны спіс». Справу разглядае Наталля Бугук.

Абвінавачваных прасілі зʼявіцца да 10:00 у суд, пры сабе мець дакумент, які пацвярджае асобу. Вольга Высоцкая паспрабавала ўзяць удзел у судзе праз «Skype», але суддзя ёй адмовіла і прапанавала прысутнічаць на паседжанні фізічна.

У пачатку пасяджэння стала вядома, што Занямонская заявіла суду адвод. Судовая калегія Менскага гарадскога суда адмовіла абвінавачванай.

Следчы камітэт пачаў працэс спецыяльнай вытворчасці ў гэтай справе ў канцы верасня, а ўжо 10 кастрычніка справу перадалі пракурору для скіравання ў суд. Адвакатаў прызначылі следчыя. У крымінальнай справе – 45 тамоў.

Нагадаем: беларусаў цяпер можна судзіць завочна паводле 48 «экстрэмісцкіх» крымінальных артыкулаў. Закон дае магчымасць не толькі судзіць завочна, але і канфіскоўваць маёмасць беларусаў, якія пакінулі краіну. Наступны завочны суд пачнецца 19 снежня. Гэта будзе справа супраць Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў