Чырвона-белыя майткі як доказ для суда і ШІЗА для палітвязня. Рэпрэсіі за 11 снежня


Былы палітвязень Аляксандр Андрушкевіч распавёў, што пры разглядзе ягонай справы ў судзе доказам віны сталі чырвона-белыя майткі. Палітвязня Ігара Аліневіча ў лістападзе змяшчалі ў ШІЗА. «Белсат» сабраў выпадкі рэпрэсіяў, пра якія стала вядома 11 снежня.

Палітвязня Ігара Аліневіча ў лістападзе змяшчалі ў ШІЗА, паведаміла ягоная маці. «Напачатку лістапада зноў зніклі лісты ад Ігара. Мая боязь спраўдзілася: зноў штрафны ізалятар. Гэтым разам уся камера знікла. 25 лістапада прыйшоў кароткі ліст і зноў маўчанне. Мабыць, зноў», – паведаміла Валянціна Аліневіч. Ігар асуджаны на 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Ігар Аліневіч.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

«За самыя дробныя правіннасці – ШІЗА». Былая зняволеная распавяла праваабарончаму цэнтру «Вясна», у якіх умовах за кратамі трымаюць Алену Маўшук, якую паводле «пінскай справы» прыгаварылі да 6 гадоў калоніі.

«Пакуль знаходзілася там, падтрымлівала, як магла, бацькоўскіх правоў пазбавілі наўпрост у калоніі, за самыя дробныя правіннасці – ШІЗА. Мне так трывожна за яе. Лістоў ад не блізкіх сваякоў нас усіх пазбавілі з 17 лютага. Проста кажуць: «Табе не пішуць». Усміхаюцца проста ў вочы і робяць, што хочуць. Гэта страшна! Гэта вельмі страшна! Гэта вельмі цяжка маральна, у спробе «зламаць» усе сродкі добрыя», – сказала жанчына, якая сядзела разам з Маўшук.

У Алены Маўшук пяцёра дзяцей. Ейны муж Сяргей таксама за кратамі паводле выраку ў 6,5 гады калоніі. Дзве няпоўнагадовыя дачкі цяпер у сваякоў і знаёмых.

Алена і Сяргей Маўшукі ў 2016 годзе.
Фота: Алена Маўшук / vk.com

Сёння стала вядома, што 24-гадовую экскурсаводку Аксану Манкевіч пачнуць судзіць 19 снежня. Яе абвінавачваюць паводле «народнага» артыкулу аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Справу будзе разглядаць суддзя суда Цэнтральнага раёну Менску Вікторыя Шабуня.

Экскурсаводка Аксана Манкевіч.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

Былы палітвязень Аляксандр Андрушкевіч распавёў «Вясне», што ягоныя чырвона-белыя майткі сталі для суда доказам «злачынства». Мужчына прызнае, што шалік і шапку ў колерах нацыянальнага сцяга (яны таксама фігуравалі ў справе) сапраўды набыў як пратэсную сімволіку, але майткі былі купленыя даўно і без усялякіх «пратэставых» намераў. «Я так дагэтуль і не зразумеў, як майткі даказваюць блакаванне дарог, якое мне ставілі ў віну, бо я ў іх не разгульваў на дарозе. Суддзя пастанавіў знішчыць іх», – сказаў Андрушкевіч. Ён адбыў трохгадовы тэрмін на «хатняй хіміі» за удзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Былы палітвязень Аляксандр Андрушкевіч.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

Дзяржаўнае тэлебачанне паказала, як сілавікі лавілі 19-гадовую Аніту Бакуновіч. Яна спрабавала ўцячы ў Літву, але на мяжы яе схапілі. У тэлеэфіры прадэманстравалі цэлы фільм, зняты з некалькі камер з зямлі і паветра. У канцы чэрвеня Бакуновіч прыгаварылі да 2 гадоў «хатняй хіміі» паводле «народнага» артыкулу «Удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Дзеўчына прызнаная палітвязнем.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў