Пракуратура завяла крымінальную справу за распіл бройлераў на птушкафабрыцы «Дружба»


Баранавіцкая міжраённая пракуратура завяла крымінальную справу супраць службовых асоб птушкафабрыкі «Дружба» за распіл курэй, паведамляецца ў Telegram-канале Генпракуратуры Беларусі. Гэты «інавацыйны» прадукт палічылі «перавышэннем службовых паўнамоцтваў».

Птушкафабрыка ў Новасібірскай вобласці Расеі. 5 траўня 2022 года.
Фота: Kirill Kukhmar / TASS / Forum

Баранавіцкая міжраённая пракуратура завяла справу паводле 426 артыкулу Крымінальнага кодэксу «Перавышэнне службовых паўнамоцтваў, здзейсненае з карыслівай ці асабовай зацікаўленасці». Пад пераслед трапілі неназваныя кіраўнікі птушкафабрыкі «Дружба», якія далі ўказанне падначаленым пілаваць тушкі куранят, каб прадаваць гэты прадукт па завышаным кошце.

Як паведамляе Генпракуратура, топ-менеджмент фабрыкі праігнараваў патрабаванне не павышаць цэны на сацыяльна значымы тавар і вырашыў, што распілаваная тушка – гэта новы від тавару, які не трапляе пад цэнавыя абмежаванні.

У Камітэце дзяржкантролю Берасцейскай вобласці ўдакладнілі, што кіраўніцтва прадпрыемства намагалася атрымаць як мага больш грошай за продаж такіх куранят, каб займець прэміі за прыбытак і рэнтабельнасць.

Паводле падлікаў кантралёраў, «Дружба» зарабіла на распілаваных бройлерах больш за 6 мільёнаў рублёў.

Расследаванне крымінальнай справы даручана Следчаму камітэту.

Раней міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання прыняло асобную пастанову пра рэгуляванне цэнаў на курэй. Вызначана, што распілаваны на часткі бройлер мусіць каштаваць столькі, колькі і цэлая тушка. Да цаны на асобныя часткі дазваляецца дадаваць 10% ад кошту ўсёй тушкі. Таксама ўведзеныя максімальныя надбаўкі на курынае філе, а крамам наогул забаранілі самастойна разбіраць курэй. Такія захады ўведзеныя на 90 дзён.

Масавыя праверкі ў гандлі пачаліся пасля нарады Лукашэнкі, на якой ён запатрабаваў замарозіць цэны. Напярэдадні стала вядома, што за іх павышэнне ўжо заведзена больш за 10 крымінальных справаў.

Аб’ектыў
Да чаго прывядзе забарона падвышаць цэны?
2022.10.10 22:29

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў