Хроніка пераследу ў Беларусі за 12 кастрычніка


Беларускія ўлады працягваюць тэрор супраць грамадзянаў краіны. Штодня з 2020 году адбываюцца жорсткія затрыманні, судовыя прысуды і катаванні вязняў. «Белсат» сабраў вядомыя выпадкі пераследу 12 кастрычніка.

Следчы камітэт паведаміў аб завяршэнні расследавання крымінальнай справы супраць Алімпійскай медалісткі Аляксандры Герасімені і дырэктара Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Апейкіна – яны стануць аднымі з першых беларусаў, каго беларускі суд будзе судзіць завочна. Іх абвінавачваюць у закліках да санкцыяў (ч. 3 арт. 361 КК) – завочна ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

Апублікаваны праект закона аб амністыі – палітвязняў яна амаль не закране, бо ў законе асобна пазначаныя «палітычныя» артыкулы, на якія яна не будзе распаўсюджвацца.

Артыкулы
Апублікаваны праект закона аб амністыі, ён амаль не закране палітычных зняволеных
2022.10.12 21:40

Затрымалі брата тыктокера Улада Белавусава, 22-гадовага блогера-мільённіка Андрэя Белавусава. Ён адзін з самых папулярных тыктокераў Беларусі. Цяпер на яго падпісаныя 1,8 мільёна чалавек у TikTok, больш за 330 тысяч на Youtube і больш за 220 тысяч у Instagram. На відэа з клеткі сілавікі прымусілі яго сказаць, што ён удзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе, а таксама, што яму «прапанавалі вялікія грошы за тое, каб сфатаграфавацца з бела-чырвона-белым сцягам, але ён не згадзіўся».

Сілавікі затрымалі менскага самелье Аляксандра Кульбачку. Ён саўладальнік аднаго з вінных бараў Мінска, у 2017 годзе Аляксандр быў прызнаны «Найлепшым самелье Беларусі». Таксама ён вядучы тэлеграм-канала «Саша і віно».

ГУБАЗіК зноў затрымаў фаната менскага «Дынама». На «пакаяным відэа» 36-гадовы Аляксандр Сямашка «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і ў тым, што «прытрымліваўся правых поглядаў». За апошні час, гэта сёмы футбольны фанат, пра затрыманне якога вядома праваабаронцам.

Сужэнцы-журналісты Аляксандр Лычаўка і Сняжана Інанец, якія былі затрыманы тыдзень таму, верагодна знаходзяцца на «Валадарцы». Ім інкрымінуюць арт. 342 КК («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Пасля затрымання на праўладных тэлеграм-каналаў з’явілася «пакаянае відэа» з сужэнцамі – на ім яны «прызнаюцца» ў падпісках на «дэструктыўныя каналы» і ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Журналісты Аляксандар Лычаўка і Сняжана Інанец былі затрыманыя 6 кастрычніка. Крыніца: baj.by

У праваабаронцы «Вясны» Уладзя Лабковіча за кратамі працягваецца псавацца здароўе. Ён ужо год і тры месяцы ўтрымліваецца за кратамі ў СІЗА-1. У лісце на волю ён распавядае пра сваё здароўе: «Здароўе ў мяне, канешне, у гэтых умовах стала хутка сапсавацца. Я наогул здзіўляюся, што так доўга яно пратрымалася. Цяпер дзікая слабасць. Стараюся ляжаць, каб быць фізічна ў норме. Зрок проста сапсаваўся, але добра, што не робіцца горш. Вельмі мала стаў чытаць».

Гамельчука Яўгена Галіча асудзілі да двух гадоў калоніі за перасланыя ў прыватны чат паведамленні. Таксама ён мусіць выплаціць 5,5 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелым, ягоны мабільны тэлефон быў канфіскаваны. Яўген нібыта распаўсюджваў у інтэрнэце «заведама непраўдзівыя дадзеныя і паклёп» на начальніка ДАІ, кіраўнікоў гомельскага АМАПу і супрацоўніцу Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэту імя Сухога – у справе было шасцёра пацярпелых.

Вынеслі прысуд Палянскаму Максіму, жыхару Астраўца, паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Яму прысудзілі два гады «хіміі». Максіма абвінавацілі ў абразе намесніка камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Хазалбека Атабекава. Ён пакінуў каментар: «М*дак редкостный, знаю его непосредственно, судьба сложилась так, что пришлось столкнуться с ним, когда он был комбригом 3214».

Сілавікі затрымалі пару менчукоў, якія нібыта перадавалі дадзеныя сілавікоў у «Чорную кнігу Беларусі». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманыя – Раман Цыганкоў і Марыя Яшчанка. На «пакаяным відэа» хлопец кажа, што на відэа з адной з акцыі сярод сілавікоў ён пазнаў свайго аднакласніка і адправіў ягоныя дадзеныя ў бот «Чорнай кнігі». Таксама абодва сказалі, што ўдзельнічалі ў «несанкцыянаваных мітынгах».

Палітвязня Мацвея Міцуру асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі па «справе Зельцара». Яго прызналі вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369КК) і распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) і асудзіў да трох гадоў калоніі. Паводле першага артыкула Міцуру прысудзілі штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў).

Разбор
У Беларусі задумалі абмежаваць выезд з краіны дзяржслужбоўцам, вайскоўцам і фактычна – каму захочуць
2022.10.12 16:40

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў