У выпадку неабходнасці NATO перакіне ў Польшчу сто тысяч салдатаў


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда па заканчэнні саміту Паўночнаатлантычнага альянсу ў Вільні зрабіў заяву, што існуе дамоўленасць аб тым, што ў выпадку неабходнасці на тэрыторыю Польшчы будзе перакінута 100 тысяч салдатаў NATO.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: polskieradio24.pl

«Мяркуецца, што калі б адбылася атака на Берасцейскую браму, можна было б разлічваць, што каля 100 тысячаў салдатаў Альянсу былі б накіраваныя на нашу тэрыторыю для неадкладнай абароны», – адзначыў Анджэй Дуда.

Ён дадаў, што гэта прынцыпы, якія зараз прымаюцца і зацвярджаюцца Альянсам у рамках яго абарончых планаў.

Анджэй Дуда падкрэсліў, што ў выніковым камюніке Беларусь згадвалася пяць разоў, з асаблівым акцэнтам на так званай Берасцейскай браме, як зоне стратэгічнай і ваеннай пагрозы, якая будзе трымацца пад асаблівым наглядам NATO.

Адначасова прэзідэнт Польшчы адзначыў, што цяпер адбываецца змена рыторыкі Альянсу ў дачыненні Расеі. «Расея перастала быць абсалютна ў якой-кольвек ступені партнёрам NATO, цягам многіх гадоў яна называлася партнёрам NATO, цягам многіх гадоў былі саюзнікі, якія рашуча выступалі за ўключэнне ў дакументы NATO гэтага наймення Расеі як партнёра NATO».

Але пры гэтым Анджэй Дуда падкрэсліў, што сёння няма ніякіх сумневаў у тым, што Расея – агрэсар, Расея сёння самая вялікая пагроза для краінаў NATO, яна вядзе агрэсіўную вайну ва Украіне, агрэсарам яе называе і Паўночнаатлантычны альянс.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў