Працягваецца крымінальны працэс у «справе Аўтуховіча». Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў фотаздымкі з суда, на якіх відаць, што падсудны палітычны вязень Павел Разановіч цяпер у клетцы-«стакане».
Побач з ім у такой жа клетцы змешчаны Мікалай Аўтуховіч, якога так трымаюць з пачатку судовага працэсу. Раней у «стакане» трымалі і Любоў Разановіч, маці Паўла. Праўладныя СМІ паведамлялі, гэта праз тое, што фігуранты «асабліва небяспечныя».
«На сённяшніх фотаздымках з судовага пасяджэння відаць, што маці з сынам памянялі месцамі: Павел Разановіч – у адзіночным «стакане», а ягоная маці – у звычайнай клетцы з іншымі фігурантамі справы», – заўважаюць праваабаронцы «Вясны».
Фігурантам «справы Аўтуховіча» інкрымінуюць 12 злачынстваў, у тым ліку – «акт тэрарызму».
Самога Аўтуховіча вінавацяць і ў «здрадзе дзяржаве». 11 ліпеня ён абвясціў сухое галадаванне. Яшчэ адзін абвінавачваны – 61-гадовы Уладзімір Гундар – трымаў галадоўку з 30 чэрвеня да 11 ліпеня.
Працэс у справе трывае з 18 траўня і праходзіць на тэрыторыі гарадзенскай турмы № 1.
ЗК belsat.eu