У Менску затрымалі і збілі брата палітвязня, які прыехаў з Польшчы


11 траўня ў Менску быў затрыманы былы палітвязень Арцём Дубскі – брат палітзняволенага Іллі Дубскага, прысуджанага да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сам Арцём з 2011 года жыве ў Польшчы і ў Беларусь прыехаў наведаць сваякоў, паведамляе праваабарончы праект «MAYDAY TEAM».

Мужчына разам са сваёй маці, сястрой і дзвюма пляменніцамі выходзіў з гандлёвага дому «На Нямізе», калі да яго падбеглі 6 сілавікоў у масках. У Арцёма вырвалі з рук тэлефон, затым павалілі на зямлю і збілі, пасля чаго надзелі кайданкі і закінулі ў аўтамабіль. Дубскага адвезлі ў будынак КДБ.

Там у Арцёма пыталіся, ці завербаваны ён польскімі спецслужбамі, колькі гадоў ужо жыве ў Польшчы, ці праходзіў ён вайсковую падрыхтоўку, ці мае дачыненне да апазіцыйных структураў.

На заўвагу Дубскага, што пры затрыманні яго можна было і не збіваць, чэкісты параілі радавацца, што не кранулі ягоных родных, якія былі ў той момант побач з ім, паведамляе «MAYDAY TEAM».

Пазней Дубскаму паведамілі, што прычынай захопу стала ягонае «ацэначнае меркаванне аб тым, што грамадзянін Беларусі Сяргей Васільеў ёсць агентам КДБ». «MAYDAY TEAM» адзначае, што ў Дубскага сапраўды быў канфлікт з гэтым чалавекам: у 2018 годзе ён напісаў у польскія праваахоўныя органы заяву, што Васільеў, які тады жыў у Польшчы, мае дачыненне да беларускіх спецслужбаў. Аднак пасля гэтага Дубскі прыязджаў у Беларусь у 2019 годзе для замены пашпарта, і ніякіх пытанняў з боку беларускіх сілавікоў да яго не было.

Паводле інфармацыі «MAYDAY TEAM», кадэбісты спрабавалі выведаць у Дубскага звесткі, якія пацвярджалі б паказанні Васільева.

Дубскі мусіць паўторна прыйсці на допыт у КДБ сёння, 12 траўня.

  • У 2017 годзе «Белсат» апублікаваў інтэрвʼю з Сяргеем Васільевым – мужчына распавёў, што каля 20 гадоў быў сакрэтным супрацоўнікам КДБ. У прыватнасці, на загад свайго куратара ён стварыў псеўданезалежны сайт, дзе пісаў пасквілі на гомельскіх апазіцыянераў і прасоўваў патрэбны ўладам інфармацыйны парадак дня.
  • Аўтаркай інтэрвʼю з Сяргеем Васільевым была палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева. Нядаўна ёй выставілі новае абвінавачванне ў здрадзе дзяржаве, следства вяло УКДБ у Гомельскай вобласці. Сваякі не ведаюць, на аснове якіх падзеяў узнікла новая крымінальная справа супраць журналісткі.
Hавiны
«Аддзел канстытуцыйнай бяспекі займаецца выключна пераследам апазіцыі», – экс-агент КДБ, які ўцёк у Польшчу
2017.06.19 08:31

РР belsat.eu

Стужка навінаў