Новая ініцыятыва Генпракуратуры – дзейсны сродак для рэпрэсіяў


Генеральная пракуратура Беларусі падрыхтавала законапраект, які прадугледжвае ўзмацненне адміністратыўнай адказнасці для бацькоў, дзеці якіх здзейснілі правапарушэнне, пацярпелі або загінулі. У перспектыве за гэта ж можа быць уведзеная і крымінальная адказнасць. Пра тое, дзеля чаго сёння ўводзяцца такія нормы, «Белсат» паразмаўляў з праўнікам Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаілам Кірылюком.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: SB.by

Узмоцнім адміністратыўную – пяройдзем да крымінальнай

Пра навацыі ў беларускім заканадаўстве ў эфіры СТВ заявіў старшы пракурор аддзелу нагляду за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генпракуратуры РБ Раман Сідарэнка. На ягоную думку, неабходная больш жорсткая адказнасць для бацькоў, дзеці якіх здзейснілі правапарушэнне, пацярпелі або загінулі, бо на сённяшні дзень у Беларусі існуе толькі крымінальная адказнасць за нясплату аліментаў для тых, хто не выконвае свае абавязкаў у выхаванні і ўтрыманні дзяцей.

Таму ведамства Андрэя Шведа, якое апошнім часам выступае як адзін з асноўных рэпрэсіўных органаў у Беларусі, выступіла з адпаведнай ініцыятывай і накіравала праект закону для разгляду ў парламент. Але чаму менавіта цяпер пачала весціся гаворка пра такое ўзмацненне?

Пракуратура «здаровага чалавека» VS пракуратура «курца»

На гэтым прыкладзе, адзначыў Міхаіл Кірылюк, мы выразна бачым тое, чым на сённяшні дзень ёсць Генпракуратура Беларусі.

У Беларусі, кажа юрыст, існуе сур’ёзная праблема хатняга гвалту, якая гучна ўздымаецца апошнімі днямі, але Генпракуратура не прапануе ніякага ўладкавання гэтага пытання, а глядзіць у абсалютна іншы бок.

«Што ж прапануе пракуратура Беларусі? – пытаецца Міхаіл Кірылюк. – Можа быць, яна прапануе пераняць найлепшыя практыкі з Еўразвязу ці Злучаных Штатаў Амерыкі? Прапануе ўвесці закон аб абароне ад хатняга гвалту? Ці, напрыклад, падкарэктаваць закон аб неабходнай самаабароне, каб ахвяра магла абараніць сама сябе? Ці прапануе зрабіць дадатковыя шэлтары або [аказваць] юрыдычную, псіхалагічную дапамогу ахвярам гвалту? Не! Замест гэтага прапануе дадатковыя рэпрэсіўныя захады».

Юрыст узгадаў, што яшчэ падчас працы ў Беларусі ён сутыкаўся з дзіўнай сітуацыяй, калі сацыяльныя службы ехалі ў першую чаргу не ў тыя сем’і, дзе ёсць праблемы з алкаголем, наркотыкамі, а да сем’яў, «з якімі можна размаўляць».

«Бо калі ты паедзеш у сям’ю, дзе жывуць небяспечныя алкаголікі, наркаманы, то ты можаш і па галаве атрымаць, і ніхто там не будзе доўга разважаць, калі ты будзеш ім чытаць пропаведзі», – адзначыў юрыст. Таму ў першую чаргу ехалі да людзей, у якіх былі іншыя палітычныя погляды.

Вось і ў гэтым выпадку агучаныя новаўвядзенні будуць «дзейсным сродкам для рэпрэсіяў», лічыць праўнік НАУ.

«На жаль, мне гэта бачыцца з такога боку, калі глядзець на ролю пракуратуры ў апошнія гады жыцця беларускага грамадства», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Навошта ўзмацняць адказнасць?

Як кажа Міхаіл Кірылюк, у Адміністратыўным кодэксе РБ сёння ўжо прадугледжаныя магчымасці для пакарання бацькоў за нейкія правапарушэнні дзяцей. Але навошта гэта ўзмацняць, кажа юрыст, яму цяжка сказаць.

«Мы не бачым усплёску вялікага крыміналу з боку дзяцей цяпер у Беларусі, гэтага не відаць у медыях. А што мы бачым замест гэтага? Тое, што ўлады ажыццяўляюць палітычны пераслед бацькоў за палітычныя погляды дзяцей, і дзяцей – за палітычныя погляды бацькоў.

Як кажуць, калі нешта лётае, як качка, гучыць, як качка, і выглядае, як качка, то, хутчэй за ўсё, гэта качка. Таму для мяне выглядае, што, хутчэй за ўсё, гэта яшчэ адзін сродак палітычнага пераследу, пакуль мы не ўбачым іншых доказаў», – кажа юрыст.

Праблема з даверам да судоў у Беларусі

Што ж да маральнага боку гэтай справы, як добры прыклад адказнасці аднаго чалавека за лёс іншага Міхаіл Кірылюк называе выпадак з амерыканскай судовай практыкі. Аднойчы двое злачынцаў лезлі ў прыватны дом, аднаго з іх застрэліў уладальнік дому, другога злачынцу злавілі і прызналі вінаватым у забойстве свайго сябра, бо ён быў дарослым і мусіў разумець, да чаго гэта прывядзе.

«Ці можам мы давяраць судам Беларусі ў гэтым сэнсе? Цяпер я не ўпэўнены. Цяпер мы на такім месцы ў сусветных рэйтынгах, што нават ніякага злачынцу я б не рэкамендаваў перадаваць судам Беларусі. Такая агульная праблема не залагодзіцца нейкімі фрагментарнымі захадамі», – падсумаваў Міхаіл Кірылюк.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў