«Страсенне мазгоў, сінякі, звешванне з балкона». Беларускага журналіста абвінавацілі ў гвалце


Былая жонка журналіста Змітра Панкаўца ў сваім Facebook апавяла пра хатні гвалт, з якім яна сутыкнулася. Ганна Клімовіч сцвярджае, што ейны партнёр збіваў яе, звешваў з балкона на чацвёртым паверсе, абражаў, пагражаў ёй і сваякам. Сам Панкавец заяўляе, што гэта «поўны паклёп і хлусня». Фемактывістка Юлія Міцкевіч сказала «Белсату», што працадаўца журналіста – «Радыё Свабода» – мусіць адрэагаваць на сітуацыю.

У Варшаве адбыўся марш «Яе звалі Ліза» ў памяць пра згвалтаваную беларуску. Варшава, Польшча. 6 ссакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Адзін з выпадкаў, які згадвае былая жонка Змітра Панкаўца, адбыўся 6 гадоў таму ў Дзяржынску, калі партнёры пасварыліся на побытавай глебе:

«Я спрабавала выйсці з кватэры, далей ад полымя сваркі. Ён не выпускаў, заломваў мне рукі ды штурхаў у памяшканне. Пасля схапіў з паліцы мой пашпарт і ўрачыста заявіў, што сыходзіць з ім на вуліцу і зробіць з дакументам што пажадае. Я паспрабавала забраць свой пашпарт, у адказ ён падняў мяне над падлогай і кінуў у калідор. Я моцна ўдарылася галавой аб знешні вугал сцяны і ляжала з вострым болем амаль без прытомнасці».

Ачуняўшы, Ганна напісала ў Facebook пра хатні гвалт «без канкрэтыкі», і, калі ехала ў шпіталь, ёй пазваніла маці журналіста: прасіла выдаліць допіс, не перапрашаючы і не пацікавіўшыся, у якім стане дзяўчына. Пасля сам Зміцер, з яе словаў, казаў: «Я хваляваўся, але мама мяне супакоіла, сказаўшы, што нічога незваротнага з табой не здарыцца пасля такой траўмы, і амаль усе мужыкі б’юць жанчын – я не першы».

У лякарні, як піша былая жонка журналіста, яна запэўнівала, што ўдарылася сама.

Гісторыі
Дзе беларускам вучыцца самаабароне і што такое Wen-Do – трэнінгі, створаныя жанчынамі для жанчын?
2024.03.09 07:03

Пазней, калі пара жыла ў Менску, падчас сваркі Ганна намагалася выйсці на двор, «каб дазволіць супакоіцца сабе і яму», аднак мужчына зноў яе не выпускаў, заблакаваўшы дзверы і ўтрымліваючы сілай:

«Забраў у мяне тэлефон, калі я паспрабавала звязацца з сяброўкай. Я наіўна спрабавала сілай адабраць назад тэлефон – атрымала толькі сінякі на ўласным целе ды новую ступень раззлаванасці мужчыны, які закінуў мяне на сваё плячо ды вывесіў тулавам уніз з балкона 4-га паверху дому са словамі: «Хочаш выходзіць – давай!» Гэты эпізод ужо выйшаў за межы вар’яцкага блефу, і я сапраўды баялася, што ён нават ненаўмысна можа не ўтрымаць мяне ў паветры».

Дзяўчына згадвае, як клікала на дапамогу, аднак сведкі ў міліцыю не пазванілі.

«Было цёпла, шмат суседзяў тусілі ў двары і назіралі за трэшам, але міліцыя ў наша Сухарава так і не завітала. З гэтага факту суседскай пасіўнасці потым здзіўляўся нават сам аматар экстрэмальных разборак, калі стаміўся мяне насіць і вярнуў на ногі», – напісала спадарыня Ганна.

Разбор
«Мы ходзім з ключамі ў руках уначы, не заходзім у ліфт, калі там мужчына». Як спыніць гвалт?
2024.03.04 18:22

Трэці эпізод, пра які паведаміла дзяўчына, здарыўся ўжо ў Вільні.

«Чарговая складаная размова, калі я зноў агучыла, што здаровай будучыні гэтых стасункаў не бачу, скончылася яго парэзанымі рукамі ды начным прыездам віленскай паліцыі, якую выклікалі суседзі, пачуўшы яго моцныя ўдары кулакамі па сценах. І так, я і перад паліцыяй прыкрыла яго, паказаўшы толькі свае дакументы. Пасля апрацоўкі парэзаных рук і крыху спакайнейшай размовы я з’ехала з дому, заблакаваўшы мужа ў сацсетках з ягонай жа згоды», – успамінае дзяўчына.

Калі яна пазней прыехала ў кватэру па свае рэчы, Зміцер пагражаў, што выкліча паліцыю і заявіць пра крадзеж грошай, «каб яны правялі ператрус у кватэры мужыка, да якога ты збіраешся ехаць, а я тады даведаюся адрас і буду высочваць вас там кожны дзень».

Адзінае, за што Ганна падзякавала былому сужэнцу, – за хуткі і беспраблемны развод.

Ганна Клімовіч патлумачыла ў каментары «Белсату», што распавяла гэтую гісторыю менавіта цяпер, таму што ў яе «зʼявілася больш разумення, што гэта не ёсць нармальна, і плюс што ён можа нашкодзіць далей яшчэ камусьці».

«Я зразумела, што калі я даведаюся, што ён камусьці сапсаваў здароўе, жыццё, то я буду вельмі моцна сябе гэтым дакараць. Таму прыйшлося напісаць, хаця шчыра… не адчувала задавальнення ад прыгадвання ўсяго гэтага», – падкрэсліла яна.

Hавiны
Святлана Ціханоўская: 8 Сакавіка – нагода гучна заявіць, што гвалт недапушчальны
2024.03.08 12:24

Зміцер Панкавец цяпер працуе на «Радыё Свабода». Пракаментаваць абвінавачванні «Белсату» ён адмовіўся да атрымання дазволу кіраўніцтва. «Белсат» звярнуўся да кіраўніцтва медыя, адказу пакуль не атрымаў.

Фемактывістка, прадстаўніца фемгрупы Каардынацыйнай рады Юлія Міцкевіч у размове з нашым карэспандэнтам адзначыла, што грамадства справядліва чакае рэакцыі ад працадаўцы меркаванага гвалтаўніка, бо гаворка ідзе пра публічную асобу:

«Кожны працадаўца мусіць сыходзіць з таго, якое ў іх стаўленне да гэтай праблемы, ці распрацаваны нейкі ўнутраны кодэкс, дзе прапісана, як рэагаваць у гэтых выпадках. Калі гаворка пра публічную персону, то чакаецца, што працадаўца і прафесійная суполка будуць на гэта рэагаваць пэўным чынам і выказваць сваё стаўленне да гэтай сітуацыі, бо гвалт – гэта сістэмная з’ява, а не проста асабістая гісторыя. І гэта пытанне рэпутацыі».

Гвалт недапушчальны і мусіць быць асуджаны, заявіла Міцкевіч:

«Зразумела, што людзі чакаюць ад «Радыё Свабода», што яны будуць на гэта рэагаваць нейкім чынам, бо гэта пытанне пра каштоўнасці і пра тое, што гвалт недапушчальны і павінен быць асуджаны, як і сам аб’юзер і яго паводзіны. Гэта датычыцца не толькі рэдакцыі, але і ўсіх журналістаў, якія таксама мусяць выказвацца і казаць, што яны пра гэта думаюць».

«Белсат» папрасіў каментар у старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, аднак адказу таксама пакуль не атрымаў.

Увечары 9 сакавіка Зміцер Панкавец апублікаваў вялікі допіс у Facebook, у якім пракаментаваў абвінавачванні з боку былой жонкі наступным чынам:

«Гэта поўны паклёп і хлусня, які прыпраўлены толікай праўды».

Зміцер прапанаваў сваю версію падзеяў. Паводле журналіста, крыніцай гвалту ў іх адносінах была як раз Ганна, якая нібыта падчас сварак біла яго і пастаянна абражала. Пры гэтым Зміцер прызнае, што сітуацыя ў красавіку 2018 году мела месца быць. Аднак ён нібыта не біў жонку, а толькі адштурхнуў, з чаго зрабіў выснову і больш сябе такога не дазваляў. Сітуацыю з балконам Панкавец называе «выдуманая ад пачатку і да канца».

«Што тычыцца скрыноў з перапісак, то яны сапраўдныя. Я не буду рабіць выгляд, што гэта фальшыўка. Не. Пасля таго, як яна мне здрадзіла і сышла ў першы месяц нашага шлюбу, у мяне пачалася дэпрэсія і ПТСР. Так, у мяне ёсць рэцэпты антыдэпрэсантаў, якія я піў, магу ўсім прадставіць. Я прайшоў глыбокую тэрапію, якую працягваю па сёння», – заявіў журналіст.

Агляд
«Дагэтуль не выношу дотыкаў чужых». Беларускі масава выступаюць у сеціве супраць гвалту
2024.03.04 21:15

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў