Пачасціліся выпадкі махлярства, калі прыходзяць паведамленні нібыта ад «Белпошты». Што рабіць?


У Беларусі ашуканцы пачалі дзейнічаць ад імя «Белпошты». Яны дасылаюць СМС-паведамленні, у якіх гаворыцца, што трэба перайсці праз спасылку і ўнесці свае дадзеныя, паведамляе Банкаўскі працэсінгавы цэнтр (БПЦ). 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

Гэта звязана з тым, што ў гэты перыяд людзі часцей карыстаюцца паслугамі «Белпошты» – чакаюць навагоднія пасылкі, зазначае БПЦ.

«У паведамленнях [ад ашуканцаў. – Рэд.] гаворыцца пра тое, што пасылка прыбыла на склад, але не можа быць дастаўленая адрасату, таму трэба перайсці праз спасылку, каб запоўніць неабходную інфармацыю. Спасылкі насамрэч ёсць фішынгавымі, а ўвод звестак прыводзіць да спісання грашовых сродкаў грамадзянаў», – піша БПЦ.

Каб не трапіць у пастку зламыснікаў, цэнтр рэкамендуе:

  1. Уважліва чытайце змесціва такіх паведамленняў, як правіла, яны прыходзяць не з беларускіх нумароў.
  2. Калі вы не чакаеце пасылкі, тым больш не варта пераходзіць праз спасылкі, можна проста прыйсці ў найбліжэйшае паштовае аддзяленне для ўдакладнення інфармацыі.
  3. Ні ў якім разе не ўводзьце вашых звестак, асабліва дадзеных карткі, праз спасылку! Статус пасылкі можна самастойна спраўдзіць на афіцыйным сайце РУП «Белпошта».

Улетку актываваліся схемы, калі ашуканцы называліся працаўнікамі Нацыянальнага банку. Нацбанк папярэдзіў, што яго працаўнікі ніколі не стануць пісаць ці тэлефанаваць звычайным людзям, бо банк не працуе з фізічнымі асобамі як з кліентамі.

Hавiны
Цэгла ў пасылцы. Як ашуканцы нажываюцца на менчуках у пераднавагодні час
2023.12.10 21:28

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў