Цэгла ў пасылцы. Як ашуканцы нажываюцца на менчуках у пераднавагодні час


Чым бліжэй святы, тым больш зваротаў аб махлярстве паступае ў міліцыю. На якія хітрыкі ідуць аферысты, карыстаючыся пераднавагоднім ажыятажам, і як не патрапіць на іх вуду, пішуць «Менск-Навіны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Anete Lusina / Pexels

Пры куплі падарункаў не спяшайцеся і будзьце пільныя. Пад маркай каляднага распродажу злачынцы могуць прапанаваць тавары па вельмі нізкай цане, а пасля онлайн-аплаты – знікнуць.

Яшчэ адна група онлайн-зламыснікаў зацягвае з дастаўкай, затым на самай справе адпраўляе заказчыку пасылку з таварам, але замест дарагой эксклюзіўнай рэчы ў скрынцы можа апынуцца… цэгла. Так, замовіўшы праз інтэрнэт модную рэч, менскі падлетак атрымаў у паштовай пасылцы будматэрыял.

Часцей за ўсё ахвярамі злачынстваў становяцца пакупнікі смартфонаў і іншых дарагіх гаджэтаў, аўтамабільных аксесуараў, мэблі, адзення.

Больш за 3000 рублёў пазбавіліся двое жыхароў Цэнтральнага раёну Менску, якія набывалі тэлефоны для падарункаў. Спакусіўшыся «акцыйнай прапановай», яны пералічылі 100- і 50-працэнтную перадаплату, пасля чаго апынуліся ў чорным спісе прадаўца.

Традыцыйна ў снежні расце колькасць заяў ад людзей, якія аказаліся падманутымі пры онлайн-куплі ёлак.

Прыкладна ў пачатку першага зімовага месяца менчукі знаходзяць у інтэрнэце (часцей за ўсё праз Instagram або TikTok) аб’яву аб продажы штучнай елкі па прыемнай цане. З фатаграфій усміхаюцца людзі, якія радуюцца набыццю менавіта ў гэтага «надзейнага прадаўца». Беларусы праз агрэсіўную, дакучлівую рэкламу трапляюць у крамы-аднадзёнкі, галоўная мэта якіх – атрымаць пералік з перадаплатай, а затым знікнуць.

Ахвярамі такой афёры сталі муж і жонка з Фрунзенскага раёну: у Instagram ім трапіўся пост, у якім прапаноўвалі купіць навагоднюю ёлку па прывабнай цане. Акаўнт онлайн-крамы выклікаў давер: меў шмат падпісчыкаў і станоўчых водгукаў. Менчукі звязаліся з менеджарам і перавялі на ўказаны рахунак 300 рублёў. Атрымаўшы грошы, прадстаўнік крамы знік.

Жыхар Рагачова выкраў у больш як 370 менчукоў суму звыш 37,5 тысяч рублёў. Як? Ад імя рэальна існуючай студыі абяцаў зладзіць свята і прымаў наяўныя грошы, а потым пераставаў выходзіць на сувязь.

Hавiны
Статыстыка: кожны чацвёрты беларус станавіўся ахвярай махлярства
2023.11.18 11:39

Кароткі навагодні ўік-энд наўрад ці дазваляе менчукам, якія працуюць, адправіцца ў далёкае падарожжа, а вось выбрацца за горад на барбекю цалкам можна сабе дазволіць. Аднак важна прадугледзець усе дробязі.

У міліцыю неаднаразова звярталіся гараджане, якія здымалі неіснуючыя дамы. Адбываліся і выпадкі, калі адну і тую ж сядзібу на адзін і той жа час з поўнай перадаплатай браніравалі адразу некалькі кампаній. Сумы ўрону, як правіла, невялікія, аднак свята аказвалася сапсаванае.

Так, стыльны катэдж за МКАД праз Instagram спрабавалі зняць адразу чацвёра жыхароў сталіцы, якія ў выніку страцілі грошы. Профіль арэндадаўцы выклікаў давер: быў прыгожа аформлены і меў шмат падпісчыкаў, а адміністратар ветліва тлумачыла парадак унясення перадаплаты.

У трох выпадках пасля пералічэння грошай пасярэднік пераставаў выходзіць на сувязь, а ў апошнім – прапанаваў мянчанцы перайсці па спасылцы і ўвесці рэквізіты карты, каб «адмяніць броню». Гараджанка зразумела, што спасылка фішынгавая, і звярнулася ў міліцыю.

А яшчэ адна жыхарка сталіцы ўсвядоміла, што стала ахвярай злачынства, калі… прачытала ў інтэрнэце артыкул пра тыповыя схемы «разводу». Напярэдадні дзяўчына ўнесла 250 рублёў за арэнду дому, аднак была моцна расчараваная, наткнуўшыся на матэрыял аб махлярствах з фатаграфіямі таго самага дому, які яна нібыта арандавала.

Заўсёды правярайце дакументы на нерухомасць і не рабіце аплату без заключэння дагавора арэнды. Не паддавайцеся на маніпуляцыі, быццам без авансу хату аддадуць іншаму арандатару, а вы застанецеся ні з чым. Лепш пашукаць надзейнейшы варыянт і захаваць грошы.

Парады:

  • Дамагайцеся дастаўкі і перадачы тавару з рук у рукі, адмаўляйцеся ад перадаплаты і не давярайце занізкім коштам. Перад пакупкай пачытайце водгукі аб прадаўцу ў інтэрнэце (не на яго старонцы, а ў іншых крыніцах).
  • Знаходзячы штосьці ў сацсетках, удакладніце ў адміністратара крамы назву юрыдычнай асобы або нумар індывідуальнага прадпрымальніка. Атрыманую інфармацыю праверце праз пошукавы радок браўзера. Таксама ў раздзеле «Інфармацыя аб акаўнце» удакладніце, колькі разоў і за які час карыстач змяняў імя. Занадта актыўная гісторыя павінна насцярожыць.
  • Дбайна правярайце, каму вы давяраеце выкананне задач, звязаных з буйнымі сумамі. Каб пераканацца ў сумленнасці падрадчыка, папытаеце ў яго партфоліа і кантакты мінулых кліентаў, а таксама настойвайце на складанні дамовы.
  • Падазрэнне павінны выклікаць акаўнты, у якіх дзясяткі і тысячы падпісчыкаў, аднак нулявая актыўнасць у каментарах. Яшчэ адзін сігнал – адсутнасць любых указанняў на юрыдычную асобу / ІП і іншыя рэквізіты, куды ў выпадку ўзнікнення праблем можна будзе накіраваць прэтэнзію.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў