Міністр спорту знайшоў карысць ад няўдзелу беларускіх спартоўцаў у топ-турнірах


Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук заявіў, што беларускія спартоўцы нічога не губляюць ад няўдзелу ў буйных сусветных турнірах. Наадварот: дзяржава ашчаджае багата грошай, сказаў чыноўнік у інтэрв’ю часопісу Нацыянальнага алімпійскага камітэту «Team BY».

Беларускія біятланісты Антон Смольскі і Дзінара Алімбекава (у цэнтры) на турніры ў Расеі.
Фота: biathlon.by

Кіраўнік Міністэрства спорту і турызму Сяргей Кавальчук назваў Расею «цудоўным спаборніцкім плацдармам», тэрыторыя якога ў разы большая за Еўропу: там 50 краінаў, але ў Расеі – 86 рэгіёнаў.

«Што мы губляем? Нічога. А вось дарагіх пералётаў у Еўропу, выдаткаў на пражыванне, зборы і харчаванне не стала. З эканамічнага гледзішча – велізарны плюс. Сваімі спартоўцамі мы ўвесь час загружалі замежныя базы і спартовыя аб’екты, везлі ім прыбытак, пры гэтым нам праводзіць прэстыжных і прыбытковых спаборніцтваў не давалі», – сказаў міністр.

Як і ў эканоміцы, у спорце таксама вырасла залежнасць ад Расеі. Сітуацыя з санкцыямі супраць беларускага спорту «нас згуртавала, больш шчыльна і прадукцыйна сталі супрацоўнічаць з расейскай спартовай сістэмай», – заявіў Кавальчук.

«Калі пазалетась у спаборніцтвах у Беларусі ўдзельнічалі 1803 прадстаўнікі Расеі, а нашых у Расейскай Федэрацыі – 595, то за няпоўны 2022-ы гэтыя лічбы выраслі шматкроць: 3797 нашых удзельнікаў у Расеі і 5214 расейскіх атлетаў у нас. Акцэнт зрушыўся: сёння глядзім у бок краінаў Шанхайскай арганізацыі супрацы і BRICS», – удакладніў чыноўнік.

Адхіленне беларускіх спартоўцаў ад топ-турніраў ён назваў абсурдам.

Санкцыі былі ўведзеныя праз вайну ва Украіне. Беларускіх і расейскіх спартоўцаў масава не дапускаюць да міжнародных спаборніцтваў. Абедзвюм краінам забаранілі ўдзельнічаць у летняй Алімпіядзе 2024 года ў Францыі.

Hавiны
Беларусь і Расея не паедуць на Алімпіяду-2024. Міжнародны алімпійскі камітэт пакінуў санкцыі
2022.12.10 08:51

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў