Беларусь і Расея не паедуць на Алімпіяду-2024. Міжнародны алімпійскі камітэт пакінуў санкцыі


Галоўныя прадстаўнікі алімпійскага руху сустрэліся 9 снежня на саміце ў швейцарскай Лазане. Большасць пагадзілася з тым, што санкцыі супраць Расеі і Беларусі за вайну ва Украіне трэба пакінуць, піша Міжнародны алімпійскі камітэт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: olympics.com

Санкцыі ўключаюць забарону на правядзенне і падтрымку ў Беларусі і Расеі міжнародных спаборніцтваў Міжнароднымі федэрацыямі ці Нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі; забарону ўжываць сцягі, гімны і нацыянальныя колеры Беларусі і Расеі на любых спартовых спаборніцтвах і сустрэчах; адкліканне Алімпійскага ордэна Уладзіміра Пуціна і віцэ-прэм’ера Расеі Дзмітрыя Чарнышэнкі.

На Алімпійскія гульні 2024 года не будуць запрашаць беларускія і расейскія каманды, а таксама атлетаў з беларускага і расейскага Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, бо ўрады Беларусі і Расеі дагэтуль вырашаюць, якіх спартоўцаў пускаць на спаборніцтвы, а якіх не пускаць. Таксама адзначаюць, што ў некаторых краінах не змогуць гарантаваць бяспеку атлетаў з Беларусі і Расеі.

У паведамленні Міжнароднага алімпійскага камітэту не згадваецца тое, што спартоўцам з Беларусі і Расеі дазволяць выступаць «пад нейтральным сцягам» – пішуць толькі, што дыскрымінацыя паводле пашпарту супярэчыла б місіі МАК. Але ранейшае рашэнне па санкцыях дазваляла такі ўдзел.

На саміце таксама выказалі салідарнасць з Украінай і надзею на тое, што ўкраінскія спартоўцы пакажуць добрыя вынікі на будучых алімпіядах: летняй у Парыжы ў 2024 годзе і зімовай у Мілане ў 2026-м.

Каментар
Аляксандра Герасіменя: Беларусь цяпер цалкам ізаляваная ад усяго свету ўжо і ў спорце
2022.11.17 21:56

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў