У Менску снежны апакаліпсіс. Улады просяць аб дапамозе


З раніцы ў Менску ідзе моцны снег. Камунальнікі не даюць рады і просяць гараджанаў аб дапамозе. У сталіцы адкрылі «пункты выдачы шанцавага інвентару насельніцтву», паведамляе агенцтва «Менск-Навіны».

Снегапад у Беларусі. 11 снежня 2022 года.
Фота: БелТА / belta.by

Сіноптыкі абвесцілі на сёння ў Беларусі аранжавы ўзровень небяспекі.

«На большай частцы тэрыторыі моцныя, месцамі вельмі моцныя ападкі (снег, па паўднёва-ўсходняй палове мокры снег, дождж), мяцеліца, на дарогах снежныя заносы, галалёд. У шмат якіх раёнах узмацненне паўночна-ўсходняга ветру», – гаворыцца ў паведамленні Белгідрамету.

Камунальная тэхніка падчас снегападу ў Беларусі. 11 снежня 2022 года.
Фота: БелТА / belta.by

Камунальнікі запэўніваюць, што задзейнічалі ўсе магутнасці для ўборкі снегу, але рук не хапае. Прадпрыемства «Менская гарадская жыллёвая гаспадарка» заклікала жыхароў сталіцы далучыцца да расчысткі.

«Запрашаем гараджанаў далучыцца да навядзення парадку ў дварах, бо сумеснымі намаганнямі расчысціць двары атрымаецца значна хутчэй», – гаворыцца ў паведамленні агенцтва «Менск-Навіны».

Уладальнікам аўтамабіляў нагадалі, што, паводле правілаў добраўпарадкавання Менску, яны абавязаныя прыбіраць снег вакол сваіх прыпаркаваных машын.

Снегапад у Беларусі. 11 снежня 2022 года.
Фота: БелТА / belta.by

Таксама апублікаваны спіс адрасоў, дзе менчукі могуць узяць «шанцавы інвентар». У асобных выпадках абяцаюць прывезці лапату пасля званку па тэлефоне.

Дзяржаўтаінспекцыя папрасіла наогул не выязджаць на асабістых машынах, а карыстацца грамадскім транспартам. Калі паездка неабходная, то за стырном раяць быць асцярожнымі.

Снегапад у Беларусі. 11 снежня 2022 года.
Фота: БелТА / belta.by

Тым часам прадпрыемства «Менсктранс» папярэдзіла пра збоі ў руху грамадскага транспарту.

«У сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я магчымыя збоі ў раскладзе руху пасажырскага транспарту. Улічвайце гэтую інфармацыю пры паездках», – гаворыцца ў абвестцы.

Аранжавы ўзровень небяспекі будзе трываць як мінімум да ранку панядзелка. Сіноптыкі кажуць, што «неспрыяльныя ўмовы захаваюцца цягам ночы 12 снежня».

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў