«Лепей, чым нічога». Стаў вядомы трэці маршрут экспарту калійных угнаенняў з Беларусі


Беларускія ўгнаенні могуць пастаўляцца праз тэрыторыю Ірана. Ужо былі першыя пастаўкі. Для абыходу санкцыяў таксама прапрацоўваецца выкарыстанне крыптавалютаў замест долара і еўра. Аб гэтым у інтэрвʼю «Officelife» паведаміў старшыня Менскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці Дзмітрый Швайба.

Другое рудаўпраўленне ААТ «Беларуськалій».
Фота: kali.by

Дзмітрый Швайба паведаміў, што апроч паставак праз парты Санкт-Пецярбургу і Мурманску прапрацаваны трэці маршрут – праз Астрахань, Каспійскае мора, тэрыторыю Ірана і далей праз іранскі порт Бендер-Аббас у Індыйскі акіян. Паводле слоў Швайбы, ужо здзейснены першыя пастаўкі.

«Ва ўмовах разбалансіроўкі цэн і трэнду на іх рост выгадна будзе пастаўляць нават такім шляхам, нягледзячы на накладныя выдаткі. Самае галоўнае, што гэты маршрут ужо працуе, былі пастаўкі ўгнаенняў», – паведаміў Дзмітрый Швайба.

Шлях ад Салігорска да порта ў Іране складае больш за 4,7 тысячаў кіламетраў. Тэхнічна маршрут даволі складаны: з Беларусі да Астрахані груз ідзе па чыгунцы, потым яго вязуць па Каспійскім моры на караблях, далей зноў чыгункай праз тэрыторыю Ірана да порту ў Персідскай затоцы і далей ізноў марскім шляхам.

Паводле Швайбы, гэты маршрут акупаецца, бо ў выпадку з калійнымі ўгнаеннямі «цану дыктуе прадавец, а не пакупнік».

Каментар
Лукашэнку накіроўваюць на Паўночны марскі шлях. Расказваем пра падводныя камяні
2022.09.08 20:56

Маршруты праз Расею маюць абмежаванні

Як паведамлялася раней, з-за санкцыяў пастаўкі калійных угнаенняў праз Літву і Эстонію спынены. Новыя маршруты прапрацаваны праз парты Санкт-Пецярбургу, Ленінградскай вобласці і па Паўночным марскім шляху. Але паводле Дзмітрыя Швайбы, гэтыя напрамкі пакуль што маюць абмежаваную прапускную здольнасць. Перавозкі Паўночным марскім шляхам спыняюцца ў зімку з-за леднікоў, а «рабіць не ў сезон дарогу сухагрузам з дапамогай ледаколаў – не лепшая ідэя». А перавозкі праз пецярбургскі порт у Бронцы «падобны да бутэлькавага рыльца для тых абʼёмаў, на якія здольная Беларусь».

«Ёсць дамоўленасці паміж гаспадарчымі субʼектамі і на дзяржаўным узроўні. Рэалізуецца інвестпраект па будаўніцтве суханасыпнога порта ў Бронцы. Таму што ў цяперашнім стане расейскія парты не здольныя пераваліць увесь танаж беларускіх грузаў», – адзначае эксперт.

Паводле слоў Дзмітрыя Швайбы, на ленінградскім накірунку «да канца гэтага года – пачатку наступнага зʼявяцца першыя элементы партовай гаспадаркі па перагрузцы беларускіх угнаенняў па спрошчанай схеме».

Швайба таксама ўзгадаў страчаныя пасля санкцыя перавагі, якія Беларусі давалі пастаўкі праз парты Эстоніі і Літвы. Гэта было «выгаднае лагістычнае плячо, пад якое стваралася інфраструктура», дзякуючы чаму «Беларуськалій» меў перавагу перад «Уралкаліем».

«Цяпер трэба ствараць новыя маршруты праз Расею, вытворцы якой аказваюцца ў больш выйгрышнай пазіцыі ў адносінах да нашых. Але гэта лепей, чым нічога», – падсумоўвае эксперт.

Hавiны
Расея вырашыла дапамагчы Лукашэнку з каліем і нафтай
2022.09.09 22:04

Разлікі ў крыптавалюце

Дзмітрый Швайба назваў адзін са шляхоў абыходу санкцыяў у фінансавай сферы. Зараз прапрацоўваецца варыянт разліку за ўгнаенні з дапамогай крыптавалюты.

«З яе дапамогай лягчэй абыходзіць любыя санкцыі. Іх усталёўваюць дзяржавы, а яны не ўплываюць на рынак крыптавалют. Такі вопыт у свеце ўжо ёсць: Венесуэла, знаходзячыся пад каласальным санкцыйным уздзеяннем ЗША і валодаючы найбуйнейшымі распрацоўкамі нафты, стварыла крыптананафтавую валюту і паспяхова гандлявала на знешніх рынках», – прывёў прыклад эксперт.

Свой фармат шукае і Беларусь: на ўзроўні асобных службаў вытворца азотных угнаенняў «Горадня Азот» рэалізуе пілотны праект па адпрацоўцы выкарыстання тэхналогіяў блокчэйн і крыптавалюты для гандлю. Гэтае прадпрыемства выбрана з тае прычыны, што з-за дэфіцыту газу ў Еўропе хутчэй за ўсё будзе згорнутая вытворчасць азотных угнаенняў, для якіх газ з’яўляецца галоўнай сыравінай.

«Пры гэтым заходнія партнёры зацікаўлены ў нашай прадукцыі, нам патрэбен канал узаемадзеяння з імі. І крыптовалюта можа стаць залатым ключыкам, які адчыняе таемныя дзверы», – паведаміў Швайба.

Эксперт упэўнены, што ў выпадку поспеху пілотнага праекту на «Горадня Азоце» гэты вопыт хутка распаўсюдзіцца на іншыя прадпрыемствы ў разліках як з найбліжэйшымі суседзямі Беларус, так і з краінамі «далёкай дугі».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў