Лукашэнку накіроўваюць на Паўночны марскі шлях. Расказваем пра падводныя камяні


Беларусь збіраецца пераарыентаваць пастаўкі калійных угнаенняў і нават іншых грузаў на парты Мурманску. Эксперты бачаць на гэтым шляху шмат перашкодаў. Расказваем, чаму Мурманск і Паўночны марскі шлях могуць так і застацца яшчэ адною незрэалізаванаю марай уладаў Беларусі. 

Схема Паўночнага марскога шляху (сінім колерам). Крыніца: Wikipedia

Сустракаючыся з губернатарам Мурманскай вобласці Расеі Андрэем Чыбісам, Лукашэнка сказаў пра пераарыентацыю паставак, асабліва калійных угнаенняў на порт Мурманску як пра ўжо прынятую пастанову. Паводле яго, Пуцін падтрымлівае гэтую супрацу. Ва ўмовах санкцыяў для Беларусі пераарыентацыя стратэгічна важная.

«Гэта стратэгічная тэма – пераарыентацыя часткі беларускіх экспартных грузаў, перш за ўсё, калійных угнаенняў, у вашыя парты. Дый не толькі калійных угнаенняў. Вы ведаеце, мы гэтым пытаннем цікавіліся, прытым у самым блізкім прыбліжэнні. Наконт усіх пытанняў мяне інфармавалі, і мы пастанавілі, што будзем супрацоўнічаць у гэтым напрамку з Мурманскаю вобласцю, нягледзячы на тое, што цяпер працуем ужо ў раёне Санкт-Пецярбургу», – цытуе кіраўніка Беларусі БелТА.

Паводле Лукашэнкі, бакі ўжо дасягнулі патрэбных дамоўленасцяў, але яшчэ застаюцца пытанні, у якіх неабходна вызначыцца. Гэта датычыць у тым ліку кошту дастаўкі грузаў чыгуначным транспартам: «Ведаю, што гэта пытанне федэральнага ўраду, але тым не менш. Калі вы да гэтага падключыцеся, мы хутчэй развяжам гэтае пытанне».

Таксама Лукашэнка выказаўся адносна перспектываў так званага Паўночнага марскога шляху:

«Я ўсё ж такі веру ў тое, што калісьці вельмі бурна будзе развівацца паўночны напрамак [Паўночны марскі шлях. – Заўвага БелТА] праз Паўночны Ледавіты акіян у пастаўках грузаў у азіяцкую частку нашай планеты. Гэта будзе бомба. Калі ў нас добра пойдзе супраца, мы сур’ёзна можам дабавіць мільёны тонаў, каб развіваць гэты напрамак».

Губернатар Чыбіс паабяцаў развязаць праблему тарыфаў: «Упэўнены, што ўсе эканамічныя пытанні з гледзішча нават кошту дастаўкі грузаў развязальныя. Мы вельмі цесна працуем і з расейскаю чыгункай, і федэральным урадам. Тут у нас ёсць поўнае ўзаемаразуменне і падтрымка».

Адносна рэалістычнасці праекту карэспандэнт «Белсату» запытаў эксперта ў таварных рынках Пятра Марозава. Ён лічыць, што партовыя магутнасці Мурманску сапраўды можна выкарыстоўваць для перавалкі беларускіх тавараў, бо «цяпер свабодных магутнасцяў у РФ яўна не стае пад увесь абʼём беларускага калію. Адпаведна, іх шукаюць ува ўсіх партах, пакуль не будуць пабудаваныя неабходныя магутнасці ў Ленінградскай вобласці». У Мурманскага порту ёсць досвед адгрузак угнаенняў, бо на Кольскай паўвыспе здабывае фасфаты «Еўрахім».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марскі порт у Мурманску, Расея.
Фота: Lev Fedoseyev / TASS / Forum

Паводле ацэнкі Марозава, у рэалізацыі беларускіх планаў галоўнае – пытанне кошту чыгуначнага транзіту ад Расейскай чыгункі. Шлях з Салігорску да Санкт-Пецярбургу складае 946 кіламетраў супраць 2254 кіламетраў да Мурманску.

«З улікам, што для транзіту ў Ленінград патрэбныя былі зніжкі, то ў Мурманск, яны, падобна, могуць спатрэбіцца яшчэ больш, бо туды ад таго ж Салігорску чыгункаю будзе лішнія паўтары тысячы кіламетраў. Ці складзецца супраца, залежыць ад палітычнага рашэння РФ. Умоўна кажучы, яны хоць бясплатна могуць вазіць калі захочуць, ці нават яшчэ прыплочваць», – кажа Марозаў.

Беларуская эканамічна журналістка Таццяна М. у інтэрвʼю «Белсату» ўвогуле адзначыла, што брацца за такі праект можна толькі ва ўмовах санкцыяў і пагрозы страты рынкаў:

«На фоне санкцыяў абʼёмы паставак беларускіх угнаенняў на рынкі знізіліся, і экспарцёр мітусліва шукае новыя шляхі. Вядома ж, праз дэфіцыт калію на сусветным рынку яго цана ўзрасла. Але ніхто пакуль не ведае, колькі складуць выдаткі на пастаўкі праз Мурманск і што застанецца на руках у «Беларуськалію» пасля ўсіх гэтых выдаткаў».

Абое экспертаў звярнулі ўвагу на тое, што на Паўночным марскі шляху, па якім ідуць караблі з грузамі з Мурманску, даволі складаная навігацыя, асабліва ўзімку. Пра гэта кажуць і расейскія крыніцы. Паводле інфармацыі Інвестыцыйнага парталу арктычнай зоны Расеі, працягласць навігацыі па адкрытай вадзе на Паўночным марскім шляху складае 2 месяцы, а ў найлепшыя гады – 4 месяцы. Астатні час рух магчымы толькі ў суправаджэнні ледаколаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Атамны ледакол «Сібір» прыбыў у Мурманск з Санкт-Пецярбургу, Расея.
Фота: Lev Fedoseyev / TASS / Forum

Апроч таго, у навігацыі бываюць перапынкі, у самыя моцныя халады магутнасцяў ледаколаў не стае. У планах Расеі – зрабіць навігацыю непарыўнай круглы год, але пакуль няма дакладнага тэрміну, калі гэта стане магчыма. Паводле інфармацыі выдання «Ведомости», міністр развіцця далёкага Усходу і Арктыкі Аляксей Чакуноў яшчэ ў 2021 годзе казаў, што караблі змогуць хадзіць увесь год Паўночным шляхам у 2023 ці 2024 годзе.  Генеральны дырэктар «Совкомфлота» Ігар Танкавідаў нават называў больш позні тэрмін – 2024–2025 гады.

Для развязання праблемы сезоннасці навігацыі Паўночным шляхам у Расеі будуецца ледакольны флот, без якога навігацыя спыняецца. Агульная працягласць Паўночнага марскога шляху складае 5600 кіламетраў ад пратокі Карскія Вароты да бухты Правідзення. Таўшчыня лёду там дасягае трох метраў. Расейскі тэлеканал «Звезда» прыводзіць словы кіраўнікоў яшчэ дзвюх карпарацыяў, ад якіх залежыць развіццё карабельства Паўночным шляхам. Кіраўнік «Росатома» Аляксей Ліхачоў паведаміў, што дзеля рэалізацыі планаў развіцця арктычнага карабельства праз Паўночны шлях да 2035 года Расеі «патрэбна будзе пабудаваць каля 80 розных судоў лядовага класу». Кіраўнік «Роскосмаса» Юрый Барысаў расказаў «Звезде», што адзіная праблема развіцця Паўночнага марскога шляху – нястача спадарожнікаў для задачаў навігацыі, сувязі, ацэнкі лядовых і метэаралагічных абставінаў:

«Праблема адна – трэба ў патрэбнай колькасці запусціць і стварыць спадарожнікавыя групоўкі, каб даваць якасныя паслугі нашай эканоміцы».

Апроч чыгуначных тарыфаў, ільдоў, перапынкаў у суднаходстве, няхваткі навігацыйных спадарожнікаў і атамных ледаколаў у праекту паставак беларускіх грузаў Паўночным марскім шляхам ёсць яшчэ адзін выклік, пра які ў жніўні 2022 года дзяржаўнаму тэлебачанню казаў прэм’ер-міністр ураду Беларусі Міхаіл Галоўчанка. Баючыся паўтарэння гісторыі з Клайпедаю, Беларусь замахваецца не проста на перавалку грузаў праз Ленінградскія і Мурманскія парты, а на будаўніцтва ўласных тэрміналаў і базавага порту. Галоўчанка тады абмовіўся, што Беларусь не здолее забяспечыць загрузкі магутнасцяў нават невялікага ўласнага порту, таму ўгода з расейцамі не толькі элемент нацыянальнай бяспекі, але яшчэ і камерцыйны праект. То бок урад збіраецца вазіць праз уласнабеларускія тэрміналы ў расейскіх партах і грузы іншых краінаў. Мабыць, маецца на ўвазе Расея.

І дзве лічбы на фінал: 34,8 мільёны тон грузаў перавезена Паўночным марскім шляхам у 2021 годзе, гэта на дадзены момант мяжа яго прапускной здольнасці; 13 мільёнаў 150 тысячаў тон угнаенняў у год выпрацоўвае «Беларуськалій».

Каментар
«Схема даволі простая». Як «Рогі і капыты» дапамагаюць рэжымам Беларусі ды Расеі абыходзіць санкцыі
2022.09.03 15:28

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў