«Ідуць за ананімнасцю». Адміністратар чату «Пракаповіч» распавёў, хто цяпер мяняе валюту не ў банках


Сайт «Пракаповіч» узнік у 2011 годзе, калі на фоне абвальнай дэвальвацыі валюта знікла ў абменніках. Цяпер асобы, якія жадаюць абмяняць грошы, камунікуюць у аднайменным чаце ў Telegram. «Белсат» спытаў у адміністратара суполкі, хто дагэтуль мяняе валюту з рук, калі праблемаў з ёю ў банках няма.

Беларускія рублі і долары ЗША. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Сайт «Пракаповіч», названы ў гонар колішняга кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча, які абяцаў, што «аніякай дэвальвацыі не будзе», стаўся ў 2011 годзе сапраўдным выратаваннем для тых, каму валюта была пазарэз патрэбная. Калі рубель абваліўся, замежныя грошы вымелі з абменнікаў, і банкі прадавалі толькі тое, што здавалі самі грамадзяне.

Беларусы, якія хацелі купіць або здаць валюту, пакідалі на сайце абвесткі, дамаўляліся разам ісці ў абменнік, прадавец аддаваў грошы, а ягоны «бізнес-партнёр» адразу ж выкупляў іх назад. І потым пакупнік кампенсаваў розніцу паміж афіцыйным курсам і тым, на які ўгаворваліся. Усе былі задаволеныя: прадаўцы здавалі паводле выгаднейшага курсу, а пакупнікі не траплялі на падробкі. Да таго ж такі абмен фармальна не лічыўся незаконным.

Разбор
«Чэргі, касіры чапляюцца». Беларускія банкі зрабілі больш жорсткімі правілы прыёму валюты
2023.08.28 15:22

Цяпер сітуацыя іншая: валюты ў банкаў нават болей, чымся ім патрэбна. Аднак праект «Пракаповіч», які перавандраваў у Telegram, дагэтуль застаецца папулярным: у чаце 8 тысячаў удзельнікаў.

Адміністратар суполкі ў размове з «Белсатам» прызнаў, што бальшыня там – валютчыкі, а не звычайныя грамадзяне:

«90% валютчыкаў. Прыходзяць за ананімнасцю і аб’ёмамі, зарабляюць на курсавой розніцы і аб’ёмах. Яшчэ тыдзень таму маржа ў банкаў была 10–11%, цяпер – 1–2%. Меркаваў, што людзі сыдуць, але – не, хаця і стала меней, 150–300 абвестак на содні».

Наш суразмоўца не выключае, што папулярнасць сэрвісу яшчэ ўзрасце.

«Калі зробяць больш жорсткім валютнае заканадаўства або зменшаць ліміты продажу ў банках, ліміты на зняцце гатоўкі ў банкаматах. Валютную паніку таксама выключаць нельга», – мяркуе кіраўнік суполкі.

Каментар
Сем месяцаў запар беларусы прадаюць валюты болей, чымся купляюць
2023.09.07 19:01

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў