Беларускім банкам не патрэбныя «замежныя» грошы. Чаму?


Некаторыя беларускія банкі ўводзяць камісію за вядзенне валютных рахункаў. Яе памер эксперты называюць забаронным і тлумачаць гэтыя захады тым, што беларускія банкі не жадаюць мець валюты ад грамадзянаў. Чаму так адбываецца, пацікавіліся ў эксперта. 

«Прыёрбанк». Менск, Беларусь, 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Плату за абслугоўванне рахункаў у доларах і еўрах з 1 чэрвеня ўводзіць «Прыёрбанк». Камісію будуць спаганяць з рахункаў, на якіх рэшта ў канцы месяца перавышае 50 тысяч долараў або еўраў. Штомесячная плата за гэта складзе 750 рублёў. Ужо з 5 траўня камісію за вядзенне валютных рахункаў, на якіх на апошні працоўны дзень месяца захоўваецца сумарна больш за 50 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце, будзе браць «БНБ-Банк». Камісія складзе 0,1 % сумы на рахунку, але не менш за 500 рублёў.

Мяркуюць, што не кожны трымальнік рахункаў працягне захоўваць свае валютныя ашчаджэнні ў банках з такімі ўмовамі. З чым звязаныя такія захады банкаў, мы спыталі эканаміста Віталя Алейніка.

На думку эксперта, рашэнне банкаў абумоўленае тым, што яны не жадаюць трымаць вялікіх сумаў валюты грамадзянаў, бо гэта ім можа быць нявыгадна. З іншага боку, у Беларусі нельга выключаць і палітычнага складніку ўвядзення такіх абмежаванняў. Віталь Алейнік кажа, што Нацыянальны банк мог загадаць, прычым не абавязкова наўпрост, каб банкі ўстрымаліся ад валютнага крэдытавання і назапашвання валюты. Але куды больш верагодна, што прычыны ў іншым і іх даволі шмат.

«БНБ-Банк» .
Фота: officelife.media

Адна з галоўных прычынаў – санкцыі. Той жа «Прыёрбанк» трапіў пад абмежаванні з боку Канады.  Гэта стала сігналам: калі сёння абмежаванні ўвяла Канада, то ў будучым да гэтага могуць далучыцца і іншыя краіны, разважае Віталь Алейнік.

«Банк, які апынуўся пад санкцыямі, практычна не можа захоўваць замежнай валюты на карэспандэнцкіх рахунках. Сутнасць дзейнасці банкаў у тым, каб прыцягваць грошы па ніжэйшых адсотках і пазычаць іх за больш высокія адсоткі. Але праз санкцыі банкі не могуць выгадна для сябе размясціць долары і еўра на рынку па больш высокіх адсотках, бо інструменты, намінаваныя ў замежнай валюце, або цалкам заблакаваныя для беларускіх банкаў, або вельмі неліквідныя, і атрымаць прыбытак вельмі складана», – кажа эканаміст.

У выніку, як бы гэта ні парадаксальна гучала, але банкам грошы сталі непатрэбныя, бо трымаць валюту не мае сэнсу.

«Яшчэ адна прычына – гэта ўскладненне працэсу спраўджання контрагентаў. Банкі ўводзяць камісіі за дэпазіты і змяншаюць сумы пераводаў за мяжу ў замежнай валюце, бо кожны перавод праходзіць кантроль з боку контрагента. І калі раней працэдура адбывалася ў аўтаматычным рэжыме, то цяпер амаль кожная транзакцыя праходзіць ручны кантроль, правяраецца крыніца з’яўлення грошай, а гэта не толькі займае вельмі шмат часу, але і цягне за сабою вялікія выдаткі», – кажа суразмоўца «Белсату».

Таму банкі імкнуцца абмежаваць колькасць аперацыйных працэсаў і зменшыць выдаткі на такую дзейнасць.

Hавiны
«Прыёрбанк» уводзіць вялізную камісію за абслугоўванне рахункаў у доларах і еўрах
2023.04.28 13:11

Людзі, якія трымалі вялікія сумы валюты ў банках, загадзя паклапаціліся, каб вывесці свае грошы. Эксперт адзначае, што грамадзяне нашай краіны працягваюць не верыць у трываласць беларускага рубля, дэманструюць недавер да ўладаў, таму ашчаджэнні будуць трымаць або наяўнымі, або пачнуць выводзіць свае грошы ў замежныя банкі.

Hавiны
«БНБ-Банк» уводзіць камісію за абслугоўванне валютных рахункаў
2023.05.05 09:08

Увогуле сітуацыя ў банкаўскім, фінансавым сектары Беларусі сёння не ў найлепшым стане, кажа Віталь Алейнік. Рашэнне «Беларусбанку», «Белаграпрамбанку» і «Белінвестбанку» не публікаваць гадавой фінансавай справаздачнасці ўскосна сведчыць пра гэта.

«Мы бачым, што паспяховыя кампаніі паказваюць свае фінансавыя вынікі, бо ў іх усё добра. Таму калі ёсць што паказаць, то будуць публікаваць, што ёсць прыбытак і можна паказаць інвестарам, крэдыторам. А вось калі банкі не ў вельмі добрым становішчы і няма што паказаць, а калі паказаць, то раптам людзі могуць задаць пытанне, а чаму яны павінныя фінансаваць са сваёй кішэні дзейнасць гэтых банкаў. Таму, каб не было нязручных пытанняў, і здымаюць падставы для іх узнікнення», – разважае адмысловец.

Эканаміст нагадвае: найбуйнейшыя банкі ў Беларусі былі і застаюцца ўстановамі, якія падтрымліваюцца дзяржавай, а гэта значыць, выжываюць за грошы падаткаплатнікаў. Той жа «Беларусбанк» не можа паўтарыць лёсу збанкрутаванага на Захадзе банку, бо кожны беларус, нават не ведаючы пра тое, падтрымлівае гэты банк сваёй заробленаю капейчынаю.

Каментар
«Нічога анамальнага». Крэдытная запазычанасць беларусаў перавысіла Br 17,335 млрд
2023.05.01 16:05

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў