Беласток загучыць царкоўнай музыкай


Плакат 42 Міжнароднага Фестывалю царкоўнай Музыкі ў Беластоку

Ужо праз два тыдні распачнецца сапраўднае музычнае свята. Тэлеканал «Белсат», які з’яўляецца медыйным патранатам мерапрыемства, запрашае ў Беласток на 42-гі Міжнародны фестываль праваслаўнай царкоўнай музыкі «Гайнаўка 2023».

Фестываль пройдзе з 25 па 28 мая. Гэта першае ў свеце мерапрыемства, якое прадстаўляе праваслаўную царкоўную музыку ад пачатку яе існавання да сучаснасці, з асаблівым акцэнтам на творах кампазітараў Рэчы Паспалітай. Падчас мерапрыемства выступаюць як прафесійныя, так і аматарскія хоры – незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, гэта свецкія хоры, праваслаўныя, каталіцкія, грэка-каталіцкія, стараверскія, пратэстанцкія, мусульманскія, будысцкія ці вызнаўцаў юдаізму. Фестываль існуе з 1982 года і дагэтуль на ім выступіла каля 1000 гуртоў з усяго свету. У 1995 годзе Міністэрства культуры Польшчы прысвоіла яму нулявую катэгорыю, што ставіць фэст у адзін шэраг з Конкурсам Шапэна і Міжнародным фестывалем сучаснай музыкі «Варшаўская восень».

У сёлетнім фестывалі плануецца, што прымуць удзел хоры з ЗША, Латвіі, Румыніі, Малдовы, Эстоніі, Балгарыі, Грэцыі, Украіны і Казахстаeа. Акрамя праслухоўвання запланаваныя тры тэматычныя канцэрты. Уступны канцэрт будзе прысвечаны творчасці шматгадовага мастацкага апекуна фестывалю Кшыштафа Пендэрэцкага, у сувязі з яго 90-годдзем. Выступіць і хор Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве. Другі канцэрт – гэта прэзентацыя беларускай царкоўнай музыкі ў выкананні хору «Concordia», заснаванага беларускімі ўцекачамі і які дзейнічае ў Варшаве як Хор Вольнай Беларусі. У трэцім канцэрце прагучыць харавая музыка Казахстану, якую прадставіць дзяржаўны хор з Астаны.

Фэст адбываецца пад ганаровым патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Польшча, а таксама Саюза польскіх кампазітараў, а тэлеканал «Белсат» – сярод медыйных патранатаў мерапрыемства.

Больш інфармацыі пра фэст і ягоную падрабязную праграму можна знайсці на сайце і ў профілі ў Facebook.

МД / belsat.eu / матэрыялы арганізатараў

Стужка навінаў