Названыя пераможцы Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці за 2023 год


У Вільні былі агучаны імёны лаўрэатаў Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці за 2023 год у чатырох намінацыях. Пра гэта паведамляе БАЖ.

«Праваабаронцамі года» прызналі Алега Агеева і Наталлю Мацкевіч.

Алег Агееў.
Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Алег Агееў – намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. З 2015 году ён кіруе Прававым цэнтрам БАЖ, працуе ў сферы свабоды выказвання і свабоды СМІ. Пасля ператрусу 16 лютага 2021 года спадар Агееў вымушаны быў пакінуць Беларусь і цяпер працягвае дзейнасць у БАЖ за мяжой.

Наталля Мацкевіч.
Фота: humanrightshouse.org

Наталля Мацкевіч – адвакатка. Выступала абаронцам у рэзанансных палітычных працэсах: абараняла кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага, анархіста Міколу Дзядка. Была абаронцам у шматлікіх іншых палітычна матываваных справах. Пазбаўленая ліцэнзіі ў кастрычніку 2021 года, пасля 27 гадоў адвакацкай практыкі.

«Журналістам года» прызнаны палітвязень, заснавальнік і галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч.

Аляксандр Манцэвіч, рэдактар «Рэгіянальнай газеты».
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

У 2023 годзе яго пакаралі за прафесійную дзейнасць 4 гадамі пазбаўлення волі. Спадар Манцэвіч віны не прызнаў і перад выракам выступіў з моцным апошнім словам.

У намінацыі «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года» перамагла служба эвакуацыі BYSOL, якая дапамагае з экстраным выездам з Беларусі тым, каму пагражае палітычна матываваная крымінальная адказнасць. Да іх звяртаюцца актывісты, дваравыя ініцыятывы, праваабаронцы, журналісты і іншыя. За амаль тры гады існавання служба эвакуацыі BYSOL дапамагла велізарнай колькасці людзей пакінуць краіну і ўратаваць сваю свабоду.

Пераможцам у новай намінацыі «Праваабарончая салідарнасць» стала палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

Шарэнда-Панасюк, грамадская актывістка з Берасця, была затрыманая 3 студзеня 2021 года і пакараная 2 гадамі калоніі. У 2022 годзе ёй прысудзілі яшчэ адзін год калоніі па артыкуле 411 КК, а сёлета завялі яшчэ адну крымінальную справу.

На Паліну Шарэнду-Панасюк моцна ціснуць у турме: рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар, не перадаюць ёй прадуктовыя перадачы ад сваякоў і бандэролі з лекамі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў