«Майго дзеда расстралялі за Беларусь, а я пабаюся вашых чатырох гадоў?»


3 лістапада суд Маладзечанскага раёну агучыў вырак галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» палітвязню Аляксандру Манцэвічу. Яго засудзілі на 4 гады калоніі і прызначылі штраф памерам 400 базавых велічыняў. Журналіста прызналі вінаватым у «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК). Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала поўны тэкст апошняга слова палітвязня на судзе.

Аляксандр Манцэвіч, рэдактар «Рэгіянальнай газеты».
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

«У верасні Беларусь шырока адзначыла Дзень народнага адзінства, дзень аб’яднання беларускага народу ў адзінай сям’і ў верасні 1939 года. Дваццаць дзявятага кастрычніка 1939 года ў Беластоку была прынята на народным сходзе Заходняй Беларусі дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў БССР, чытай у Беларусь.

Гэтаму папярэднічалі два асноўныя даклады. Адзін з дакладаў аб характары ўлады ў Заходняй Беларусі чытаў Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, на вуліцы імя якога ў Маладзечне сёння месціцца Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Другі даклад па пытанні ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР чытаў настаўнік з Дзісеншчыны (гэта сённяшняя Віцебшчына) Флор Данатавіч Манцэвіч. Флор Данатавіч Манцэвіч – настаўнік, фалькларыст, першы настаўнік славутага Генадзя Іванавіча Цітовіча, народнага артыста СССР, арганізатара і кіраўніка Беларускага акадэмічнага нацыянальнага народнага хору, быў карэспандэнтам першай беларускай газеты «Наша Ніва», а ў 1939 годзе выступаў з гэтым дакладам на Народным сходзе. У 1941 годзе яго расстралялі гітлераўскія акупанты ў Полацку менавіта за патрыятычную дзейнасць.

Я не ацэньваю пакта Рыбентропа-Молатава, як гэта часта робіцца ў сувязі з падзеямі 39-га года, я кажу толькі пра тое, што ўнука беларускага настаўніка, які агучыў на ўвесь свет у 39-м годзе памкненні мільёнаў беларусаў, і не толькі беларусаў, жыць у адзінай сям’і, сёння ў гэтай залі судзяць за дыскрэдытацыю Беларусі.

Перш за ўсё хачу падзякаваць маёй сям’і, родным і блізкім, сябрам і калегам, якія ўвесь гэты складаны час былі разам са мной, падтрымлівалі мяне фізічна і маральна, а разам з тым маю ўпэўненасць у маёй праваце», – адзначыў у сваім апошнім слова Манцэвіч.

Далей ён звярнуўся да працы «Рэгіянальнай газеты», якую ўзначальваў:

«Рэгіянальная газета» – адзінае ў Беларусі масавае рэгулярна выдаванае мясцовае недзяржаўнае выданне цалкам на беларускай мове – упершыню выйшла ў 1995 годзе і такім заставалася да апошняга часу, сумленна выконваючы сваю місію.

І ў 2020 годзе, у годзе прэзідэнцкіх выбараў і наступных падзей, мы прытрымліваліся галоўнага журналісцкага прынцыпу – паказваць жыццё такім, якім яно ёсць, не даючы яму ўласных ацэнак.

Дарэчы, у нашай місіі, дакуменце, прынятым рэдакцыяй, падкрэслена, што газета не можа быць выказнікам пазіцыі інтарэсаў якой бы то ні было партыі, якога б то ні было грамадскага руху, або якой бы то ні было канфесіі. І мы гэтых прынцыпаў, гэтых правілаў трымаліся ўвесь час.

З гэтай прычыны і немагчыма ў нас было знайсці нейкіх заклікаў да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў, як гэта прыпісваецца мне і нашай газеце».

Палітвязень цытуе даведку пракурора Шукрынава аб даследаванні ютуб-канала «Навіны Маладзечна. Рэгіянальная газета», дзе сцвярджаецца: «Аўтарамі завуаліравана размешчаны заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, заахвочваецца іх правядзенне і ўдзел у іх». А таксама: «…вывучэннем распаўсюджанай інфармацыі ўстаноўлена: на названым рэсурсе распаўсюджваецца меркаванне, што на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюцца рэпрэсіі ў дачыненні да пэўных груп асобаў, прапагандуецца думка аб рэпрэсіўных метадах».

Манцэвіч гэта катэгарычна зняпраўджвае:

«Рэдакцыйная ж палітыка «Рэгіянальнай газеты» будавалася на паказе фактаў, а не іх інтэрпрэтацый. Мы не распаўсюджвалі заведама лжывыя звесткі. А права на свабоду меркаванняў даецца артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Рэспубліка Беларусь».

Пры гэтым Манцэвіч звярнуў увагу, што ў матэрыялах справы ёсць міліцэйскія дакументы, якія пацвярджаюць, што ніякіх заклікаў не было.

«Калі дзяржаўны абвінаваўца ведае, што такія дакументы ў справе існуюць, то чаму б яму не запатрабаваць экспертызы тых матэрыялаў, якія пералічаны ў абвінавачанні. Ці хаця б пагадзіцца на тое, каб матэрыялы справаў, пра якія піша газета, былі далучаны да справы. І тады б абсалютна відавочна стала тое, што ў маіх дзеяннях складу злачынства сапраўды няма», – канстатаваў палітвязень.

У абвінавачванні Манцэвіча адзначаецца, што ён нібыта з’яўляецца прыхільнікам антыграмадскай пазіцыі і быццам праяўляў цікаўнасць да экстрэмісцкай дзейнасці.

«Адкуль гэта ўзялося? Я гаварыў гэта і на следстве ў часе майго допыту, што нідзе ніколі ні публічна, ні прыватна не паказваў сваіх палітычных ці нейкіх грамадскіх прыхільнасцяў, ні ў якую царкву я хаджу ці не хаджу. Гэта я лічыў не тое, што непатрэбным, а шкодным для журналіста, для выдаўца газеты. І таму знайсці, што я «зʼяўляўся прыхільнікам нейкага палітычнага руху» проста немагчыма.

У Крымінальна-працэсуальным кодэксе (артыкул 16 і артыкул 356) гаворыцца «прысуд не можа быць заснаваны на здагадках». Лічу, што прызнанне шэрагу рэсурсаў і публікацый «Рэгіянальнай газеты», на базе чаго пабудавана мая крымінальная справа, экстрэмісцкімі, у адсутнасці належнай экспертызы, з’яўляецца той самай здагадкай, дапушчэннем. Гэта раз.

Другое. Сцвярджэнне, што я выказваў «амаральную цікавасць да экстрэмісцкай дзейнасці», будучы яе прыхільнікам, з’яўляецца такім самым дапушчэннем, здагадкай. І трэцяе. Тое, што ў мяне былі матывы палітычнай і ідэалагічнай варожасці – таксама дапушчэнне. І тут наступае прэзумпцыя невінаватасці. І адсутнічае склад злачынства», – канстатуе палітвязень.

Далей у сваім апошнім слове Манцэвіч звяртаецца да сцверджання, што ён «дзейнічаў у групе асоб».

«Зразумела, я ж кіраваў рэдакцыяй, вядома, я працаваў з людзьмі. Рэдакцыя – гэта людзі. І толькі дзякуючы калектыву, «Рэгіянальная газета» за 28 гадоў свайго існавання стала вядомым, пазнавальным, аўтарытэтным і паважаным выданнем», – зазначыў ён.

Манцэвіч распавёў пра супрацоўнікаў «Рэгіянальнай газеты» – Ніну Манцэвіч, Зою Хруцкую, Марыю Берасневу, Аксану Ярашонак, Ігара Палынскага, Настассю Уткіну, Жанну Горбань – і адзначыў іх узорную працу ў выданні, якая не мела нічога агульнага з экстрэмізмам.

«На жаль, сёння каса пустая, усе рэсурсы «РГ» прызнаныя экстрэмісцкімі, людзі засталіся без працы, а галоўны рэдактар абвінавачваецца ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Я ганаруся, што працаваў з гэтымі людзьмі ў адной камандзе, камандзе прафесіяналаў з вялікай літары, для якіх праўда была вышэйшая за ўтульнасць. Яны маглі спакойна спаць пасля кожнай сваёй публікацыі, бо пісалі толькі праўду. Таксама спакойна мог спаць і я, таму што не перажываў за тое, што мы нібыта пішам хлусню ці на кагосьці ўзвялі паклёп. І зразумела, наш калектыў не займаўся экстрэмізмам».

«Я меў шчасце за сваё журналісцкае жыццё сустракацца з рознымі людзьмі. Быць знаёмым з Генадзем Аляксандравічам Каханоўскім, Адамам Восіпавічам Мальдзісам, Анатолем Валянцінавічам Рогачам, Уладзімірам Содалем, Янкам Саламевічам, Міколам Капыловічам, Міхасём Міхайлавічам Чарняўскім, Канстанцінам Іванавічам Харашэвічам, якія, вядома, не дапусцілі б у кола сваіх знаёмых, а ў некаторых выпадках, я б сказаў і сяброў, людзей неразборлівых у адносінах да Беларусі.

Я і сёння чую іхныя галасы, галасы тых асоб, якія разам з маімі продкамі далі мне дакладныя арыенціры ў жыцці. Вучылі жыць па прынцыпе «ніколі не здраджвай сваёй Бацькаўшчыне».

І для мяне Бацькаўшчына – не толькі крыніца ля вёскі Малая Кавалеўшчына на Мёршчыне, якую да гэтага часу завуць Флоравай крыніцай, таму што яе расчысціў са сваім вучнямі настаўнік, мой дзед, Флор Данатавіч Манцэвіч, і яна сёння бруіць; не толькі студня ў Іказні на Браслаўшчыне, якую завуць Манцэвічавай студняй, таму што мой дзед будаваў сабе хату, – сорак першы год не даў дабудаваць – а студня засталася; але і мой народ, мая Беларусь, служэнню якім я паклаў сваё жыццё.

Год таму не стала майго бацькі, журналіста і пісьменніка Барыса Флоравіча Манцэвіча, якому я не змог да гадавіны паставіць помнік, бо з-за кратаў гэта не робіцца. Але помнікам для пісьменнікаў становяцца іх кнігі. Апошняя яго прыжыццёвая кніга 21-га года выдання, прысвечаная аднакашніку па філалагічным факультэце, з якім яны разам вучыліся і сябравалі, Нілу Сымонавічу Гілевічу носіць сімвалічную назву «Беларушчына». Сёння сына аўтара гэтай кнігі судзяць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, не знайшоўшы для абвінавачання, і мы з маім абаронцам паказалі гэта, ніводнага факта дыскрэдытацыі, якога б нельга было абвергнуць.

Я не летуценнік, але тое, што праз нейкі час у Маладзечне, ці ў Вілейцы, у Мядзелі ці Свіры, а можа, у маленькай вёсачцы Верхнія Друі на Маладзечаншчыне, з’явіцца вуліца імя «Рэгіянальнай газеты» – гэта мара можа быць цалкам рэальная і рэалізаваная. Нягледзячы на тое, што напаткала «Рэгіянальную газету», яна ўпісала яскравы і варты радок у гісторыю сучаснай Беларусі. Газеты, якая насамрэч мацавала аўтарытэт беларускай нацыі, давала людзям праўдзівае слова на блізкай ім мове, заўсёды жыла клопатамі і праблемамі сваіх чытачоў і іх суседзяў.

У падручніках па гісторыі беларускай журналістыкі тыя, хто будуць яе вывучаць, а такія заўсёды знаходзяцца, бо журналістыка адна з самых старажытных прафесіяў, абавязкова будуць апісанні найлепшых прыкладаў працы каманды «Рэгіянальнай газеты», якая заклікала і была пакліканая пісаць толькі праўду – пра што сёння гэты працэс.

Я не бачу сваёй віны ні ў чым. У першыя ж дні затрымання мне гаварылі аператыўныя работнікі: «Аляксандр Барысавіч, ваш лёс вырашаецца не ў судзе, а тут, цяпер, – хлусячы пра тое, што мая жонка з сардэчным прыступам трапіла ў лякарню. – Прызнайцеся ў сваёй віне і ўсё будзе добра».

Толькі ў чым мая віна? Майго дзеда расстралялі за Беларусь, а я пабаюся вашых чатырох гадоў, грамадзянін дзяржаўны абвінаваўца? Паглядзіце мне ў вочы. Ніколі.

Шкада толькі блізкіх, хворую жонку, унука Даната, якога я думаў вучыць новым словам, а яго мама вымушаная цяпер шукаць словы, як патлумачыць дзіцёнку тое, за што яго дзед сядзіць у турме, дзе месца сапраўдным злачынцам, і толькі злачынцам. Я думаю, што яна знойдзе правільныя словы, а ў мяне застанецца сумленне чыстым, унуку ж не будзе сорамна за дзедава імя. Шкада праектаў, якія я відавочна ўжо не рэалізую, бо не хопіць гэтых 4-х гадоў, а ў тое жыццё я не веру, шкада «Рэгіянальнай газеты», сваіх супрацоўнікаў і чытачоў, што засталіся без шчырага сябра «РГ».

Падзеі пасля лета 21-га года вакол «Рэгіянальнай газеты» знішчылі найцудоўнейшы праект, які працаваў для Беларусі, у імя Беларусі. Віны сваёй я не прызнаЮ і не прызнАю», – заявіў ён у апошнім слове.

У канцы Манцэвіч яшчэ раз падзякаваў тым, хто яго падтрымлівае: сямʼі, сябрам, калегам, усім, хто пісаў лісты і дасылаў пасылачкі, хто хадзіў на суд і проста перажываў за яго.

Аб’ектыў
Вынеслі прысуд Аляксандру Манцэвічу – 4 гады калоніі
2023.11.03 20:35

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў