«Трыбуна»: Міністэрства спорту разаслала новыя «чорныя спісы» 


Як паведамляе выданне «Трыбуна», Міністэрства спорту і турызму рыхтуе новую зачыстку ад «нелаяльных» уладам спартоўцаў.

Паводле журналістаў, актыўная барацьба з нелаяльнымі спартсменамі і трэнерамі ў футболе міністэрскімі сіламі пачалася год таму. Як «Трыбуне» стала вядома ў сярэдзіне лістапада 2021-га, ініцыятыва па «зачыстцы» зыходзіла ад міністра Сяргея Кавальчука. У «чорны спіс» увайшлі каля сотні футбалістаў і трэнераў, і ён шмат у чым супадаў з пералікам тых, хто зняўся ў відэа супраць гвалту ў верасні 2020 года. Спіс быў спушчаны ў АБФФ, а далей паступіў кіраўнікам клубаў, якія павінны былі адмаўляцца супрацоўнічаць з «непажаданымі».

Нягледзячы на гэта, некаторыя футбалісты, якія нейкім чынам выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю, у выніку адгулялі сезон-2022 у чэмпіянаце Беларусі. Частка з іх была вымушаны падпісаць праўладныя лісты або зняцца ў «ідэалагічна вывераных відэа». Але былі выпадкі, калі ніякіх умоваў выконваць не даводзілася – «непажаданых» гульцоў атрымоўвалася абараніць трэнерам праз клубных кіраўнікоў ці самім босам. Аргументамі станавіліся ключавая роля гульца ў планах па дасягненні выніку або статус клубнай легенды. Калі клуб быў настроены сур’ёзна і ішоў да канца, міністэрства часам удавалася «праціскаць».

Аднак цяпер, паводле крыніцаў «Трыбуны», улады вырашылі ўзяцца за «зачыстку» футбола гранічна жорстка. Кіраўнікам клубаў давялі, што ад «нелаяльных» трэба пазбаўляцца без спроб заступніцтва. Ведамства Кавальчука дало зразумець, што «літасці» больш не плануецца, а ідэалагічная праца будзе толькі больш жорсткай.

Дадаткова «чорныя спісы» былі разасланыя ва ўпраўленні спорту і турызму пры выканкамах. З дадзенымі структурамі клубы, якія падсілкоўваюцца за кошт дзяржаўнага і мясцовага бюджэту (гэта значыць амаль усе), узгадняюць кантракты. Цяпер чыноўнікі атрымалі інструкцыю і будуць уважліва сачыць, ці не спрабуюць у камандах займець тых, каго забаранілі ў міністэрстве.

Як сцвярджаюць крыніцы «Трыбуны», спісы, распаўсюджаныя па выканкамах, уключаюць у сябе «непажаданых» са мноства відаў спорту.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў