Прэзідэнт Літвы пракаментаваў прапанову афіцыйнага Менску перавозіць украінскае збожжа


Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў суботу назваў прапанову Беларусі транспартаваць украінскае збожжа праз сваю тэрыторыю пасткай. Пра гэта паведамляе Delfi.

«Я думаю, гэта пастка. Гэта пастка, у якую хочуць заманіць і паказаць, што вось Захад зноў паводзіць сябе непаслядоўна, не можа дамовіцца аб санкцыях», – сказаў журналістам у суботу Наўседа, каментуючы прапанову Беларусі.

Ён назваў ініцыятыву афіцыйнага Менску «старой песняй, якую мы даўно ўжо чуем» і сказаў, што Беларусі не давярае і сама Украіна.

«Як ёй можна давяраць, калі яна дазваляе расейцам рабіць на сваёй тэрыторыі ўсё, што ім хочацца?» – сказаў прэзідэнт Літвы.

Раней прэс-служба ААН распаўсюдзіла інфармацыю, што намеснік міністра замежных справаў Беларусі Юры Амбразевіч паведаміў генеральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрышу, што беларускія ўлады «без папярэдніх умоваў» згодныя на транзіт украінскага збожжа ў парты Літвы. Пры гэтым Амбразевіч нагадаў пра просьбу дазволіць экспарт беларускіх угнаенняў, якія цяпер знаходзяцца пад санкцыямі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў