Белстат: Цэны ў Беларусі за студзень і люты выраслі на 2 %


Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў звесткі аб інфляцыі: за месяц індэкс спажывецкіх цэнаў вырас на 1,3 %, за два месяцы – на 2 %. Міністэрства эканомікі прагназавала, што за ўвесь 2023 год цэны вырастуць толькі на 7–8 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэны ў краме «Еўраопт». Менск, Беларусь. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: evroopt.by

Паводле звестак Белстату, цэны на харчовыя тавары за люты выраслі на 1,1 %, за студзень і люты разам – на 2,3 %. Цэны на нехарчовыя тавары выраслі на 0,5 % і 0,7 % за месяц і два месяцы адпаведна, на паслугі – на 2,7 % і 3,4 %. Цэны лютага 2023-га вышэйшыя за цэны ў лютым 2022-га на 11,7 %.

Найбольш у лютым, як сцвярджае Белстат, падаражэлі гародніна (+10,6 %), турыстычныя паслугі (+8,8 %), камунальныя паслугі (+6,6 %) і алкагольныя напоі (+4,6 %), затое патаннелі крупы і бабовыя (-1,5 %), парфума і касметыка (-1,3 %) і чыгуначны транспарт (-0,7 %).

За ўвесь 2022 год, заяўляе Белстат, у Беларусі на 0,2 адсоткавага пункта знізілася доля людзей за мяжой беднасці – такіх засталося 3,9 % насельніцтва. Наяўных рэсурсаў на хатнюю гаспадарку на месяц налічылі ў эквіваленце 1781,5 рубля, з гэтага на ежу сыходзіла 39,7 %, на нехарчовыя тавары 33,7 %, на паслугі 24,1 %.

Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка патрабаваў трымаць інфляцыю ў межах 7 % гадавых, але разам з пагрозамі за рост цэнаў ён патрабуе не спыняць росту заробкаў. Нацыянальны банк тым часам другі месяц запар зніжае стаўку рэфінансавання. Звычайна ж, каб пазбегчы празмернай інфляцыі і не паваліць эканомікі, стаўку рэфінансавання зніжаюць, а «запуску друкарскага станка» дзеля падвышэння заробкаў намагаюцца не дапусціць.

Аналітыка
Рост эканомікі і інфляцыя. Як вайна ва Украіне паўплывала на Еўропу, Сярэднюю Азію і Каўказ
2023.02.24 14:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў