Колькасць ахвяраў землятрусу ў Марока перавысіла тысячу чалавек


У выніку трагедыі ў Марока загінулі мінімум 1305 чалавек. Хутчэй за ўсё, колькасць ахвяраў будзе расці, бо шмат людзей знаходзяцца ў крытычным стане.

Бі-Бі-Сі паведамляе, што, паводле звестак на вечар 9 верасня, ахвярамі землятрусу сталі 1305 чалавек. 1832 чалавекі паранены, з іх 1220 знаходзяцца ў крытычным стане.

Паводле Reuters, у паселішчах у раёне землятрусу ідуць разборы завалаў. Працу ратавальнікам ускладняюць валуны, якія перакрылі дарогі да некаторых вёсак.

«Калі я адчуў, што зямля дрыжыць пад маімі нагамі і дом нахіліўся, я кінуўся выводзіць сваіх дзяцей. Але мае суседзі не змаглі», — распавёў журналістам жыхар вёскі Амізміз. «На жаль, у гэтай сям’і нікога не знайшлі жывымі. Бацьку і сына знайшлі мёртвымі, маці і дачку дагэтуль шукаюць».

Нагадаем, ноччу 9 верасня ў Марока адбыўся землятрус магнітудай 6,8. Эпіцэнтр знаходзіўся ў Атласкіх гарах, прыкладна ў 70 кіламетрах на паўднёвы захад ад Маракеша, які з’яўляецца турыстычным цэнтрам. Паведамляецца, што ў старой частцы горада, уключанага ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, былі разбураныя некалькі будынкаў, у прыватнасці, пацярпеў мінарэт мячэці.

Паводле Reuters, у Маракеша, дзе была пацверджана гібель мінімум 13 чалавек, жыхары правялі ноч пад адкрытым небам, баючыся ісці дадому.

Гэты землятрус лічыцца наймагутнейшым у Марока з 1960 года. Тады штуршкі магнітудай 5,8 забралі жыцці тысячаў людзей. У 2004 годзе ў выніку землятрусу магнітудай 6,3 загінула больш як 600 чалавек.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў