З «ніколі зноў» да «можам паўтарыць». Ціханоўская звярнулася да беларусаў у Дзень Перамогі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў на Дзень Перамогі. Яна нагадала, што гэта не толькі дзень памяці ў гісторыі чалавецтва, але яшчэ і стартавы пункт, які ўсе краіны-ўдзельніцы вайны выкарыстоўвалі для таго, каб больш не ваяваць, а будаваць квітнеючыя і развітыя дзяржавы. І толькі дыктатары выкарыстоўвалі яе для таго, каб пачаць новую вайну.

Святлана Ціханоўская. Скрыншот з відэа: Святлана Ціханоўская / Youtube

«9 траўня 1945 года беларусы разам з іншымі народамі святкавалі перамогу над гітлераўскай кааліцыяй. Мы ўсе ведаем гэтую гісторыю. Мы вучылі яе ў школе, шмат разоў чулі ад нашых бабуль і дзядуляў. З дзяцінства нам казалі, што гісторыю не перапісаць. І вось прайшло 78 гадоў. Здавалася б, людзі павінны былі зразумець і ўсвядоміць каштоўнасць свету. Але не, ужо больш за год ідзе жорсткая вайна, якую развязала Расея супраць Украіны», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Ціханоўская нагадала, што Беларусь насуперак волі народу і толькі з-за жадання Лукашэнкі ўдзельнічае ў гэтай вайне на баку агрэсара і дае сваю тэрыторыю для атакі, размяшчае і навучае расейскіх салдат.

«Расейскія ўлады напалі на суседа, назваўшы ўкраінцаў нацыстамі, хаця ўкраінцы абараняюць свой дом ад тых, хто вырашыў, што ўкраінскай нацыі не павінна існаваць. Адначасова з гэтым беларускія сілавікі і прапагандысты называюць усіх, хто не згодны з Лукашэнкам, бчб-фашыстамі, каб апраўдаць гвалт, рэпрэсіі, вайну. Яны вешаюць ярлыкі нацыстаў і фашыстаў на ўсіх, хто ім супрацьстаіць. Насамрэч гэта рэжым робіць тое ж самае, што і нацысты, якія катавалі людзей у канцлагерах і пераследавалі за іншадумства», – сказала яна.

Таксама Ціханоўская прыгадала, як пасля вайны Нямеччына прызнала свае памылкі і за 78 гадоў «расплацілася за іх спаўна», а немцы прайшлі праз праграму навучання дэмакратыі і пераадоленні досведу нацызму. Але, паводле ейных словаў, іншы шлях абралі дыктатары Лукашэнка і Пуцін:

«Беларусь прынесла вялізную ахвяру для гэтай перамогі. Але кіраўнікі СССР, а пазней Лукашэнка, не зрабілі высноў з вайны і працягнулі эксплуатаваць памяць пра яе для сваіх мэтаў, для апраўдання рэпрэсій, для войнаў і для таго, каб замаскіраваць свае правалы ў эканоміцы. Пуцін і Лукашэнка дзесяцігоддзямі эксплуатуюць тэму Перамогі ў Другой сусветнай. Цалкам перакруціўшы сутнасць гэтага дня і стварыўшы перамогу. Мой прадзед Апанас, які дайшоў да Берліна, быў бы ў жаху, даведаўшыся, што Дзень Перамогі з дня «ніколі больш» ператварыўся ў кашмарнае «можам паўтарыць».

Аднак Ціханоўская ўпэўнена, што ў беларусаў усё яшчэ ёсць выбар, па якім шляху нам развівацца:

«Рэпрэсіі, войны, крызіс, міжнародныя ваенныя злачынствы, перапісванне гісторыі, вымыванне лепшых спецыялістаў – ці ўсё ж такі свабода, інтэграцыя ў еўрапейскую эканоміку, рост узроўню жыцця, годныя заробкі і пенсіі, магчымасць свабодна падарожнічаць па свеце, інвестыцыі ўсяго цывілізаванага свету ў нашу краіну? Ніхто, апроч нас, не зробіць гэты выбар».

Па словах беларускай дэмакратычнай лідаркі, толькі зрабіўшы гэты выбар, беларусы змогуць пабудаваць краіну, пра якую мараць, і якая будзе шанаваць памяць, а не скажаць яе.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў