Менск + Масква = Менсква

У расейскім Санкт-Пецербургу аштрафавалі нямога інваліда Яўгена Агафонава – за тое, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыі пратэсту, і паміж іншага, «скандаваў лозунгі». Можна, канечне, пасмяяцца з расейскай судовай сістэмы, калі б не ведаць пра тое, што і ў Беларусі нямыя траплялі пад раздачу.

А яшчэ раней, у 2011 годзе, на думку суда Ленінскага раёну Горадні, аднарукі пляскаў у далоні. Гэтыя трагікамічныя прыклады толькі найбольш яскрава падкрэсліваюць падабенства сітуацыі ў саюзных дзяржавах, бо іх значна больш.

Яшчэ падчас актыўнай фазы беларускіх пратэстаў у заявах і размовах лідараў апазіцыі ў выгнанні можна было пачуць наіўнае: «Расея не выказвае сваёй вельмі выразнай, яснай пазіцыі ў сувязі з масавымі актамі гвалту ў дачыненні беларускіх грамадзянаў».

Пад «Расеяй», напэўна, разумелася расейскае кіраўніцтва і асабіста Пуцін. Аднак, з самага пачатку было відаць, каго і чаму падтрымлівае Уладзімір Уладзіміравіч. Якія там правы чалавека?! Які там гвалт?!

З пачаткам пратэстаў у Расеі ўсё канчаткова стала на месца. Нібыта ў люстэрку, на вуліцах расейскіх гарадоў мы ўбачылі масавыя затрыманні, кардоны сілавікоў, ды нават «палітычную турму» ў падмаскоўным Сахарава, куды, як і пад наш Слуцк, звазілі арыштаваных пратэстоўцаў. І ўсё наперадзе! Яшчэ толькі нядаўна старшыня Усерасейскага студэнцкага саюзу заяўляў, што расейскія ВНУ гатовыя прыняць на вучобу выгнаных з палітычных матываў беларускіх студэнтаў. І вось у самой Расеі з’явіліся свае адлічаныя за палітыку.

Аматары тэорыі змовы, канечне, адзначаць, што пуцінскі рэжым трэнаваўся ў Беларусі. Іхныя апаненты з супрацьлеглага лагеру выкажуць свае аргументы падабенства. Напрыклад, кіраўніцтва пратэснымі масамі праз telegram-каналы. Ну, і вядома, без усёмагутнага Дзярждэпу ЗША ды варожага Захаду, якія раскачваюць «лодку стабільнасці», не абыдзецца!

Калі падводзіць рысу, то можна адзначыць чатыры рэчы, безумоўна характэрныя для дзвюх краінаў на гэты момант:

1) мірны, у масе сваёй, характар пратэстаў;

2) наяўнасць пераследу з палітычных матываў;

3) адсутнасць дыялогу паміж уладамі і апанентамі;

4) задушэнне пратэстаў.

І тут пачынаюцца адрозненні.

Расейскі пратэст фактычна скончыўся, не пачаўшыся. Напэўна, не на гэта разлічваў Аляксей Навальны, і ягоная ахвяра цяпер бачыцца мужнай, але амаль бессэнсоўнай.

Палітычная суб’ектнасць. Навальны – гэта дасведчаны палітык. За ім стаіць шматгадовая палітычная барацьба, Фонд барацьбы з карупцыяй, сетка штабоў ва ўсёй краіне. За папярэднія гады ён вырас з дробнага шавініста да фігуры, якая сапраўды прэтэндуе на лідара ўсіх апазіцыйных сілаў Расеі: ад левых да правых. Паводле ўсіх прыкметаў, штаб Навальнага – палітычны суб’ект.

На жаль, ні пра Ціханоўскую, ні пра Бабарыку, ні пра Калеснікаву (ейны лёс і выбар вельмі падобныя з лёсам Навальнага), ці ў цэлым пра беларускую апазіцыю – такога сказаць не можам. З розных прычынаў.

Масавасць. Не прэтэндую на дакладнасць, але нават згодна з самымі аптымістычнымі ацэнкамі, колькасць пратэстоўцаў па ўсёй Расеі не перабольшвала 100 тысячаў. Столькі выходзіла на вуліцы толькі аднаго Менску. Нагадаю, што ў Расеі жыве 147 мільёнаў чалавек, а ў Беларусі – толькі 9,5 мільёна. Відаць, што Пуцін мае большае электаральнае падтрыманне, чым ягоны беларускі калега. Таксама трэба адзначыць, што пераважная большасць расейцаў, якія выйшлі на вуліцы, – моладзь. У Беларусі сацыяльная і ўзроставая «палітра» пратэсту была больш разнастайная.

Палітычны парадак дня. Пратэсты ў Расеі маюць яркую антыпуцінскую афарбоўку. У Беларусі большасць людзей выходзіла супраць гвалту сілавікоў на вуліцах і прававога дэфолту ў судах. Выбары, сацыяльна-эканамічныя праблемы – усё гэта мела другаснае значэнне.

Узровень гвалту на вуліцах. Узровень агрэсіі ў Расеі – значна меншы. Напэўна, расейскія сілавікі асэнсавалі досвед сваіх беларускіх калегаў і прыйшлі да высновы, што празмерная жорсткасць можа выклікаць адваротную рэакцыю і мабілізаваць пратэставыя масы на актыўны супраціў.

Але ўсё ж падабенстваў у Менску і Масквы больш, чым адрозненняў. І як могуць развівацца падзеі ў суседняй краіне, мы можам прагназаваць ужо сёння – контррэвалюцыйная рэакцыя. Наколькі яна будзе жорсткай – залежыць ад расейскага кіраўніцтва.

Алесь Дзянісаў belsat.eu

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў