Украінскі палітолаг: Украіна ўступіць у Еўразвяз пасля заканчэння вайны


Еўразвяз рыхтуецца да пашырэння на ўсход і на Балканы. Еўракамісія рэкамендавала Радзе Еўразвязу пачаць перамовы наконт уваходу ў аб’яднанне Украіны і Малдовы. Ім засталося завяршыць толькі некаторыя рэформы. Украінскі палітолаг Уладзімір Фэсэнка мяркуе, што гэта пазітыўны сігнал, але гістарычнай падзеяй такія заявы ўсё ж назваць нельга. Пра гэта ён распавёў у жывым эфіры «Белсату».

Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка.
Фота: ua.news

«Гістарычны дзень быў тады, калі мы атрымалі статус кандыдату ў чальцы ЕЗ. Наступны ж гістарычны дзень – калі пачнуцца перамовы. Вось гэта важна. Цяпер гэта перадумова для пачатку перамоваў пра ўваход у ЕЗ», – падкрэсліў Уладзімір Фэсэнка.

Эксперт распавядае, што для гэтага Украіне варта зрабіць яшчэ некалькі фінальных крокаў, пасля чаго ў снежні чакаецца пастанова, што прызначыць перамовы.

«Што да цяперашняга этапу, было сем рэкамендацыяў Еўрапейскага Звязу для Украіны да выканання перад тым, як мы распачнём перамовы пра ўваход у ЕЗ. З гэтых сямі рэкамендацыяў чатыры выкананыя цалкам. Калі ж цалкам ацэньваць працу, то паводле трох астатніх рэкамендацыяў большая частка працы таксама зробленая», – кажа  Уладзімір Фэсэнка.

Распавядае палітолаг і пра праблемы. Такія, напрыклад, як статус расейскай мовы ва Украіне, які паводле рэкамендацыяў хочуць пакінуць. Але кампраміс мусіць быць знойдзены.

«Гэта тое, што хіба найбольш складана будзе правесці праз украінскі парламент. Наконт іншых пытанняў… Ну, напрыклад, наконт антыкарупцыйнай рэформы: галоўныя абавязкі мы выканалі, абралі новае кіраўніцтва Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны, абралі новага спецыялізаванага антыкарупцыйнага пракурора. Але цяпер трэба павялічыць штатны расклад Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро», – кажа  палітолаг.

Украіна скіраваная на правядзенне патрэбных Еўразвязу рэформаў і гатовая да іх, бо ўкраінцы прагнуць гэтага ўступлення. Магчымае ж блакаванне Вугоршчынай гэтай пастановы эксперт не ўважае за вялікую праблему, бо, па-першае, заўсёды можна знайсці кампраміс, а па-другое, у Еўразвязе рыхтуюцца рэформы ў ранейшым абавязковым аднагалосным прыняцці гэткіх пытанняў.

Цалкам размову глядзіце тут:

 

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў