У нямецкім Бундэстагу прынялі рэзалюцыю «За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і»


8 лістапада Святлана Ціханоўская выступіла перад чальцамі камітэту ў міжнародных справах нямецкага Бундэстагу і заклікала іх падтрымаць дэмакратычным сілы і грамадзянскую супольнасць Беларусі ды асудзіць злачынствы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Бундэстаг прыняў рэзалюцыю «За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і», паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Падчас галасавання за прыняцце рэзалюцыіі па Беларусі ў нямецкім парламенце.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

«Нямецкі Бундэстаг цвёрда стаіць на баку ўсяго беларускага дэмакратычнага руху, Святланы Ціханоўскай і ўзначаленага ёй Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Беларусы павінны ведаць, што свабодную і дэмакратычную Беларусь будуць вітаць у сямʼі еўрапейскіх дзяржаваў», – гаворыцца ў рэзалюцыі Бундэстагу.

Нямецкі парламент прывітаў абмежавальныя меры супраць лукашэнкаўскага рэжыму, якія былі ўведзеныя да гэтага, і заклікаў федэральны ўрад працягваць ціск. Нямеччына бярэцца таксама паспрыяць развіццю незалежнай беларускай прэсы, грамадзянскіх ініцыятываў і дэмакратычных інстытутаў. У рэзалюцыі ўхваляюцца захады ў падтрыманні і рэабілітацыі палітвязняў ды ўвогуле грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў.

«Асобная ўвага ў рэзалюцыі прысвечаная юрыдычным пытанням, з якімі зараз сутыкаюцца беларусы ў выгнанні. Бундэстаг будзе спрыяць вырашэнню праблемаў беларусаў з дакументамі», – паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

«Белсат» ужо паведамляў, што на перамовах у Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны абраная прэзідэнтка Беларусі падымала пытанне пашпартоў і легалізацыі нашых суайчыннікаў у гэтай дзяржаве. Прадстаўнікі міністэрства запэўнілі яе, што Нямеччына будзе прызнаваць нават пратэрмінаваныя беларускія пашпарты (якіх за мяжою цяпер не памяняць), будзе шукаць магчымасць працягваць тэрміны відаў на жыхарства і выдаваць пашпарты замежніка.

У сваёй прамове ў Бундэстагу Святлана Ціханоўская зрабіла акцэнт на недапушчальнасці такога самага стаўлення да беларусаў, як да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Яна падкрэсліла непрыманне расейскай агрэсіі з боку простых беларусаў.

«Беларусы выказалі адназначную пазіцыю: мы супраць вайны, мы падтрымліваем Украіну. У адрозненне ад расейцаў мы сталі на бок дэмакратыі і закона. І тут важна разумець: Украіна ніколі не будзе ў бяспецы без вольнай Беларусі», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская з 7 лістапада знаходзіцца з візітам у Нямеччыне. Падчас візіту яна сустрэлася з прадстаўнікамі праваабарончай арганізацыі «Libereco», з нямецкай міністаркай у справах Еўропы Аннай Люрман, дарадцам канцлера ФРН Енсам Плотнерам, дзяржсакратаром Берндам Кросарам і беларусамі Нямеччыны, выступіла ў нямецкім Бундэстагу.

Hавiны
Ціханоўская: Нямеччына будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў
2023.11.08 11:45

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў