Калі будзе новы ўрад і хто будзе кіраваць Польшчай?

Працэдура стварэння новай Рады міністраў можа расцягнуцца да паловы снежня. Але карты і так ужо раздадзеныя.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Варшава, Польшча. 26 кастрычніка 2023 года.
Фота: Tomasz Jastrzebowski / Reporter / East News

6 лістапада прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прамовай і згодна з канстытуцыйным абавязкам вызначыў кандыдата на кіраўніка ўраду. Апазіцыйныя партыі на чале з Дональдам Тускам, што атрымалі большасць месцаў у Сейме пасля парламенцкіх выбараў (248 з 460), пераконвалі кіраўніка польскай дзяржавы, што менавіта яны мусяць ствараць урад. Аднак прэзідэнт пастанавіў падтрымаць уласную палітычную сілу і з аргументам пра «добрую парламенцкую традыцыю» перадаў місію стварэння ўраду дзейнаму прэм’еру Матэўшу Маравецкаму з кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць» («Prawo i Sprawiedliwość», PiS), што атрымала большасць галасоў сярод іншых сілаў. Адначасова прызначыў маршалкам-сеньёрам (старэйшым і самы дасведчаным дэпутатам) Марка Савіцкага з Польскай народнай партыі (апазіцыйная партыя аграрыяў), каб той правёў першае паседжанне польскага парламенту 13 лістапада, да выбару сталага маршалка (старшыні).

Аднак такая пастанова прэзідэнта зусім не азначае, што кіраваць краінай будзе зноў партыя Ярослава Качыньскага. Выглядае, што працэс перадачы ўлады толькі расцягнецца ў часе. Паводле Канстытуцыі Польшчы, Маравецкі мусіць цягам 14 дзён пасля першага паседжання Сейму атрымаць вотум даверу парламенцкай большасці (не менш за 231 голас). Аднак PiS мае сёння толькі 195 дэпутатаў, і калі ён не заручыцца падтрыманнем дэпутатаў з іншых фракцыяў, новы ўрад будзе створаны парламентам. У такім выпадку палякам давядзецца пачакаць яшчэ 14 дзён. Калі Сейму не ўдасца выбраць новы ўрад, ініцыятыва вернецца да прэзідэнта, і тады для прызначэння новага прэмʼера хопіць большасці прысутных у парламенце. Калі і гэты варыянт не здзейсніцца, палякам давядзецца прызначаць дату новых выбараў.

А гэта вельмі малаімаверныя сцэнары. Хутчэй за ўсё, новы ўрад у Польшчы зʼявіцца недзе ў сярэдзіне снежня. На яго чале стане Дональд Туск, які мае падтрыманне ўсіх трох апазіцыйных партыяў. Ужо 9 лістапада, яшчэ да першага паседжання Сейму, апазіцыя можа прэзентаваць новы склад ураду і кааліцыйную праграму.

Партыя Туска (Грамадзянская кааліцыя) мае кіраваць Міністэрствам унутраных справаў і кіраўніцтва, а таксама Міністэрствамі юстыцыі, фінансаў, культуры, здароўя і дзяржаўнымі актывамі. Кааліцыя «Трэцяя дарога» («Польшча-2050» і Польская народная партыя) падзялілі паміж сабой Міністэрства абароны, сельскай гаспадаркі, навакольнага асяроддзя і МЗС. Левыя ж пяроймуць Міністэрства адміністравання і лічбізацыі ды Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі. Вядома ж, гэтая канфігурацыя не канчатковая, як і прозвішчы магчымых кіраўнікоў асобных міністэрстваў, якія зʼяўляюцца ў польскіх медыях.

Будучыя стасункі з Беларуссю (у тым ліку з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці) у значнай ступені будуць залежаць ад таго, хто пяройме МЗС. Неафіцыйна кажуць, што адной з галоўных кандыдатак у кіраўнікі дыпламатыі стала Катажына Пэлчыньска-Налэнч, якая дагэтуль была намесніцаю міністра замежных справаў (2012–2014), а таксама амбасадаркаю Польшчы ў Расеі (2014–2016). Апошнія гады працавала пры Фондзе ім. Стэфана Баторыя.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў