Прэзідэнт Польшчы даручыў сфармаваць урад дзейнаму прэм’еру Маравецкаму


Вечарам 6 лістапада прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з тэлезваротам, у якім расказаў, каму даручыць сфармаваць урад. Прэзідэнт прапануе ўзначаліць урад дзейнаму прэм’еру, а ганаровую пасаду ў парламенце прапануе апазіцыянеру.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда вырашыў прапанаваць на пасаду прэм’ер-міністра Матэўша Маравецкага, які займае гэтую пасаду з 2017 года. Маравецкі – сябра партыі «Prawo i Sprawiedliwość» (PiS), якая фармавала ўрад з 2015 года.

Каб сфармаваць урад, Маравецкі мусіць атрымаць вотум даверу ад парламенту, які будзе мець 14 дзён на галасаванне. Калі не атрымае, цягам яшчэ 14 дзён прэм’ера мае выбраць сам Сейм.

У парламенце PiS па выніках выбараў 15 кастрычніка страціў бальшыню. Больш як палову мандатаў атрымалі апазіцыйныя партыі, якія збіраліся сфармаваць кааліцыю і прапаноўвалі прэм’ерам лідара «Platformy Obywatelskiej» (PO) і экс-прэм’ера Дональда Туска.

На пасаду старэйшага маршалка (Marszałek senior) Дуда прызначыў былога міністра сельскай гаспадаркі Марэка Савіцкага, які быў выбраны ў Сейм ад партыі «Polskie Stronnictwo Ludowe» (PSL) і кааліцыі «Трэцяя дарога», якая прадстаўляла сябе альтэрнатывай дзвюм найбольш папулярным палітычным сілам. Старэйшы маршалак будзе весці першыя сэсіі парламенту пасля выбараў, да выбрання маршалкаў Сейму і Сенату.

Абноўлена
Партыя ўлады перамагла, але трыумфавала апазіцыя? Што адбываецца з выбарамі ў Польшчы
2023.10.16 16:57

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў