На Гомельшчыне знайшлі тэлефон расейскага вайскоўца, у якім быў план падрыхтоўкі нападу РФ на Украіну


Беларус знайшоў у Гомельскай вобласці смартфон, які раней належаў афіцэру расейскага войска, і перадаў яго ў рэдакцыю выдання «Флагшток» для вывучэння змесціва прылады. Чалавек, які знайшоў тэлефон, не называе свайго імя, як і дакладнае месца, дзе смартфон быў знойдзены.

Вывучыўшы змесціва згубленага тэлефона, рэдакцыя прыйшла да высновы, што матэрыялы са смартфона не з’яўляюцца фальсіфікацыяй і іх можна верыфікаваць. Рэдакцыя знайшла ў тэлефоне асабістыя фатаграфіі ваеннага: як ён прыехаў у Беларусі і як рыхтаваўся напад на Украіну, таксама была знойдзена перапіска ваеннага з жонкай у Viber і яго калегамі ў чатах Telegram і WhatsApp.

Інфармацыя са смартфона дазволіла ўстанавіць, што ён належаў маёру намесніку камандзіра роты па выхаваўчай рабоце 37-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады, якая дыслакуецца ў горадзе Кяхта Паўлу Юр’янаву. Паводле фота пашпарта, знойдзенага ў тэлефоне, ён нарадзіўся ў сяле Харонхай, Рэспубліка Буратыя, у 1980 годзе.

Павел Юр’янаў. Крыніца: Флагшток

З перапіскі з жонкай можна ацаніць маральны дух вайскоўца перад пачаткам уварвання ва Украіну. Мяркуючы па перапісцы можна меркаваць, што падрыхтоўка да нападу пачалася яшчэ ў 2021 годзе. У канцы снежня 2021 года ён пісаў жонцы, што выходных больш не будзе, а з вайсковай часткі яго не адпусцілі нават на Новы год. Таксама Юр’янаў прасіў жонку прыслаць яму заспакаяльныя прэпараты.

Крыніца: Флагшток

Таксама па паведамленнях можна меркаваць, што Юр’янаву перад адпраўкай жонцы прыйшлося набываць куртку і кітайскую радыёстанцыю, што можа сведчыць аб слабым матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні вайскоўцаў.

Крыніца: Флагшток

У тэлефоне былі знойдзеныя тэмы лекцый, якія ён арганізоўваў па дарозе ў Беларусь для вайскоўцаў: «Узброеныя сілы РФ на перадавых рубяжах барацьбы з міжнародным тэрарызмам. Экстрэмізм і тэрарызм як пагроза нацыянальнай бяспецы Расеі», «Патрыятызм – статутны і маральны абавязак вайскоўца».

Эшалоны з расейскімі вайскоўцамі прыбылі ў Беларусь у канцы студзеня. Па фатаграфіях з тэлефона можна меркаваць, што месцам прамежкавай дыслакацыі быў Рэчыцкі раён. Пра тое, што гэта будуць не проста вучэнні, маёр, відаць, расказаў сваёй жонцы 4 лютага і не хаваў, што можа болей ніколі не вярнуцца дадому.

Крыніца: Флагшток

Ужо ў Беларусі высветлілася, што частка вайскоўцаў не атрымала належнага грашовага забеспячэння. Флагшток налічыў у памяці тэлефона 17 адпаведных рапартаў. Аказалася, што гэтыя вайскоўцы былі залічаны ў склад перад самой адпраўкай. Асабістыя справы яшчэ не паспелі прыняць, таму зрабіць налічэнне ім паабяцалі толькі ў сакавіку.

Крыніца: Флагшток

У тэлеграм-чаце «На баррикады», у якім быў ваенны, 6 лютага былі апублікаваны шыфры перагаворнай табліцы, якія змяшчалі назвы паселішчаў Гомельскай вобласці і палігонаў. У гэтым жа чаце змяшчаецца доказ выкарыстання Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка для агрэсіі супраць Украіны. Месцам выгрузкі ўзбраенне і ваеннай тэхнікі (ВВТ) пазначана «кінутая вёска».

Крыніца: Флагшток

За дзень да нападу, 23 лютага, Юр’янаў сфатаграфаваў парадак калоны ваеннай тэхнікі, у якой налічвалася 62 транспартныя сродкі. 16 сакавіка ён сфатаграфаваў новы спіс тэхнікі, але на гэты раз у ім было толькі 15 транспартных сродкаў, адзін з якіх быў выкраслены. Нумары транспартных сродкаў і прозвішчы вайскоўцаў супадаюць з часткай прозвішчаў, якія былі пазначаны ў калоне за дзень да нападу.

Крыніца: Флагшток
Крыніца: Флагшток

Сацыяльныя сеткі Юр’янава на сённяшні дзень не актыўныя: апошні візіт ва Вконтакте быў 17 лютага 2022 года, за тыдзень да пачатку вайны. Апошнія запісы, зробленыя гаспадаром тэлефона, датаваны 17 сакавіка. У сетцы некралогаў аб гібелі маёра яго родныя і калегі не публікавалі, у бурацкіх СМІ такія публікацыі таксама не былі знойдзеныя.

У адной з сацыяльных сетак «Флагшток» задаў пытанне аб лёсе Юрʼянава яго знаёмаму. Той паведаміў, што Юрʼянаў загінуў ва Украіне ў сакавіку 2022 года. У яго засталіся дзве непаўналетнія дачкі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў