Што кажуць ва Украіне і Расеі пра выбухі на Крымскім мосце


Belsat.eu сабраў рэакцыі палітыкаў, чыноўнікаў і вайскоўцаў на частковае разбурэнне Крымскага моста.

Рэакцыя ва Украіне

Улады Украіны не ўзялі на сябе адказнасць за падрыў Крымскага мосту. Але каментавалі яны гэтую падзеяў іранічна, часам з недвухсэнсоўнымі намёкамі.

«Ракетны крэйсер «Масква» і Керчанскі мост – два сумна вядомыя сімвалы расейскай улады ва ўкраінскім Крыме – знішчаныя. Што на чарзе, расейцы?» – напісала ўкраінскае Мінабароны ў сваім акаўнце ў Twitter.

«Расейскае незаконнае будаўніцтва пачынае развальвацца і загарацца. Прычына простая: калі будаваць нешта выбухованебяспечнае – то рана ці позна яно такі выбухне. І гэта толькі пачатак. Бо чымсьці, а надзейным будаўніцтвам Расея асабліва і не славіцца», – напісаў кіраўнік дэпутацкай фракцыі «Слуга народу» у Вярхоўнай радзе Давід Арахамія ў сваім тэлеграм-канале

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў таксама адгукнуўся на падзеі іранічным допісам у сацсетках. Ён выклаў відэазапіс, на якім знакамітае музычнае віншаванне прэзідэнту ЗША Джону Кэнэдзі ад Мэрылін Манро («З днём нараджэння, містар прэзідэнт») сумешчана з кадрамі пажару на Крымскім мосце. Такім чынам ён намякнуў, што разбурэнне пераправы – гэта падарунак Уладзіміру Пуціну, які ўчора адзначаў свой юбілей.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк адзначыў у сувязі выбухам на Крымскім мосце, што ўсё незаконнае павінна быць разбурана, усё скрадзенае – вернутая Украіне, а ўсё расейскае акупацыйнае – выгнана. Праўда, пазней ён выказаўся наконт гэтага здарэння больш сур’ёзна, намякнуўшы, што падрыў пераправы стаў вынікам канфлікту паміж ФСБ і Генеральным штабам РФ.

Кіраўніца аб’яднанага прэс-цэнтру сілаў абароны аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк адзначыла, што частковае разбурэнне пераправы ўскладніць забеспячэнне расейскай вайсковай групоўкі на поўдні Украіны.

«Тое, што яны не змогуць выкарыстоўваць чарговую транспартную артэрыю, а ў прыватнасці, і чыгуначны маршрут, нас задавальняе», – заявіла Гумэнюк у эфіры «24 каналу».

Hавiны
Украінскія медыі паведамляюць, што выбух на Крымскім мосце быў арганізаваны СБУ
2022.10.08 17:12

Рэакцыя ў Расеі

У Крамлі выказваюцца наконт падзеяў у Крыме вельмі асцярожна. Прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў толькі, што Пуцін загадаў стварыць урадавую камісію ў сувязі «з надзвычайным здарэннем на Крымскім мосце». Сам Уладзімір Пуцін ніякіх заяваў не рабіў і з адмысловы выступ у бліжэйшы дні не рыхтуе.

Прадстаўніца МЗС Украіны Марыя Захарава напісала ў сваім Telegram-канале, што «рэакцыя кіеўскага рэжыму на разбурэнне цывільнай інфраструктуры сведчыць аб яго тэрарыстычнай сутнасці». Але пра прычыны і наступствы самога выбуху яна нічога не сказала.

Расейскія дэпутаты дазволілі сябе адрэагаваць больш эмацыйна і заклікалі адпомсціць за Крымскі мост.

Дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» Алег Марозаў назваў частковае разбурэнне маста «абвяшчэннем вайны без правілаў». Ён падкрэсліў, што ў выпадку адсутнасці «адэкватнага» адказу, такія здарэнні будуць адбывацца часцей.

Кіраўнік парламенцкай фракцыі партыі «Справядлівая Расея» Сяргей Міронаў у сваім тэлеграм-канале заклікаў «знішчаць электрастанцыі, усе масты і чыгункі» ва Украіне.

Чалец камітэту Дзярждумы Расеі ў галіне абароны Андрэй Гурулёў заявіў, што «патрэбны моцны адказ, мы яго дамо». Але пры гэтым ён заклікаў не спяшацца, не паддавацца эмоцыям і ўсё пралічыць да дробязяў.

«Няма сумненняў у тым, што адпаведныя ведамствы – Мінабароны і іншыя – дадуць адэкватны, усвядомлены і, магчыма, асіметрычны адказ на гэты дзёрзкі ўдар», – заявіў «РИА Новости» сябра Савета Федэрацыі Аляксандр Башкін.

А вось у расейскіх прапагандыстаў упэўненасці ў «адэкватным адказе» ўжо няма.

«Гляджу і не веру вачам. Гляджу і не веру. Напэўна, зараз мы нешта зробім. Напэўна ж. Праўда?» – напісала прапагандыстка тэлеканалу «Россия 1» Вольга Скабеева пад відэа пажару на мосце.

Галоўная рэдактарка канала «Russia Today» Маргарыта Сіманьян выказалася яшчэ больш сцісла, напісаўшы ўсяго адну літару: «І?»

Незалежнае выданне «Медуза» тым часам паведаміла, што дзяржаўным медыя атрымалі з адміністрацыі прэзідэнта РФ метадычку, як трэба асвятляць падзеі ў Крыме. У прыватнасці, прапагандысты мусяць рабіць акцэнт на тым, што мост не разбураны, а ўсяго толькі пашкоджаны, а падрыхтоўка да аднаўленчых працаў ужо пачалася.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў