Чаму беларусы адзначаюць Дзень вайсковай славы, калі ёсць Дзень абаронцы (савецкай) Айчыны


8 верасня многія беларусы адзначаюць Дзень вайсковай славы ў памяць пра бітву пад Воршай. Беларуская дзяржава тым часам працягвае прызнаваць дзяржаўным святам Дзень абаронцы Айчыны 23 лютага. Чаму так склалася і што гэта значыць, «Белсат» спытаў у гісторыка і палітычнага аналітыка.

Бітва пад Воршай. Карціна невядомага аўтара – меркавана, Ганса Крэля. Першая палова XVI ст.
Фота: Калекцыя Народнага музею ў Варшаве / Mnw.art.pl

Чым для Беларусі важная бітва 1514 года

Гісторык Аляксей Ластоўскі расказвае «Белсату»: 8 верасня – напамін пра адну з найбольш слаўных перамогаў продкаў сучасных беларусаў, і тая перамога над маскоўскім войскам на доўгі час стрымала агрэсію з усходу супраць Вялікага княства Літоўскага.

Дзень вайсковай славы 8 верасня ў Беларусі пачалі святкаваць у пачатку 1990-х гадоў, згадвае Ластоўскі. 8 верасня 1992 года беларускія вайскоўцы ўрачыста прысягнулі на вернасць Беларусі на плошчы Незалежнасці ў Менску. Гісторык лічыць гэта важным сімвалічным крокам: складалася ўражанне, што Беларусь цвёрда ўстала на шлях незалежнасці, займела сваё незалежнае войска, якое будзе бараніць дзяржаўнасць.

У апошнія гады дзень бітвы пад Воршай пачалі адзначаць і ў Літве, і ва Украіне. Ластоўскі звязвае апошняе з ажыўленнем імперыялістычных настрояў у Расеі – вяртаецца ў рэчаіснасць тое, што паўтысячы гадоў таму было пагрозай народам Вялікага княства Літоўскага. А ў тыя часы ў Вялікае княства Літоўскае ўваходзілі землі сучасных Літвы, Беларусі і Украіны, часткі тэрыторыі сучаснай Расеі.

Менавіта гэтая дата і гэтая бітва важныя, тлумачыць Ластоўскі, бо тады супольнае войска Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага перамагло агрэсара: войска княстваў, што пазней стануць Расейскім царствам. Маскоўскае княства тады імкнулася пашыраць свой уплыў і захопліваць новыя землі. Ластоўскі бачыць выразную паралель: сучасная Расея вяртаецца да выкарыстання войскаў дзеля заваявання суседзяў.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра Аршанскую бітву, або Дзень беларускай вайсковай славы
2022.09.08 15:20

Бітва пад Воршай мела значэнне для дзяржаўнасці Вялікага княства Літоўскага, а сучасная Беларусь – адна з краінаў, што пераймаюць традыцыю той дзяржаўнасці. У тыя часы, у XVI ст., пачаўся новы этап войнаў між Маскоўскім і Літоўскім княствамі, найперш за спрэчныя землі Смаленскага княства. І без перамогі пад Воршай гісторыя магла пайсці іншым шляхам.

Войны былі цяжкія, і той жа Канстанцін Астрожскі, які вёў войскі Польшчы і Літвы ў бітве пад Воршай, да таго сем гадоў быў у маскоўскім палоне, нагадвае Ластоўскі. Перад бітвай пад Воршай тэндэнцыі былі такія, што Масква магла б захапіць усе землі Літоўскага княства, а перамога пад Воршай дала псіхалагічную ўпэўненасць: паказала, што маскоўскае войска можна перамагаць. Гэта, кажа гісторык, мела рэзананс па ўсёй Еўропе і выратавала землі Вялікага княства Літоўскага ад маскоўскага панавання на доўгі час, хай і не назаўжды.

«Будзем спадзявацца, што магчымасць перамагаць і магчымасць адстойваць сваю дзяржаўнасць застануцца важнымі каштоўнасцямі для беларусаў і надалей», – рэзюмуе Ластоўскі.

Дзень абаронцы Айчыны 23 лютага прывязвае Беларусь да савецкай традыцыі: яно было прывязанае да падзеяў грамадзянскай вайны ў Расеі, стварэння ўзброеных фармаванняў бальшавікоў у 1918 годзе. Ластоўскі прызнае, што дата мае гістарычнае значэнне, але не мае дачынення непасрэдна да беларускай гісторыі.

Фрагмент карціны «Бітва пад Воршай».
Фота: Калекцыя Народнага музею ў Варшаве / Mnw.art.pl

Пакуль у Расеі разгаралася грамадзянская вайна, у Беларусі адбываліся іншыя падзеі: утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Так, 21 лютага 1918 года была ўхваленая Першая ўстаўная грамата БНР, у якой выканаўчы камітэт рады Першага ўсебеларускага з’езду абвяшчаў сябе часовай уладай на Беларусі, якая магла быць занятая нямецкімі войскамі, а праз месяц з невялікім – 25 сакавіка 1918 года – БНР абвесціла незалежнасць.

Сучасныя ўлады Рэспублікі Беларусь абвяшчаюць пераемнасць з савецкім часам, кажа Ластоўскі, і святкаванне 23 лютага замацоўвае ў беларусах савецкую свядомасць, у беларускім войску – савецкія стэрэатыпы. Апеляцыя ж да гісторыі Вялікага княства Літоўскага і бітвы пад Воршай дае разуменне, дзеля чаго беларусы мусяць бараніць радзіму са зброяй у руках, як тое рабілі продкі. Для лукашэнкаўскай Беларусі тая гісторыя не толькі непрыдатная, а нават варожая.

Каментар
Дунін-Марцінкевіча ў XIX ст. пераследавалі за тыя ж радкі, што цяпер назвалі «экстрэмізмам»
2023.08.17 19:32

Чаму беларусы не адмовіліся ад савецкага Дня абаронцы савецкай Айчыны

Цяпер Дзень абаронцы Айчыны 23 лютага святкуюць у Расеі, Беларусі і Кыргызстане, а таксама ў прарасейскіх сепаратысцкіх «рэспубліках»: часткова прызнанай Паўднёвай Асеціі і ў непрызнаным Прыднястроўі. Акрамя таго, Таджыкістан у гэты дзень адзначае дзень утварэння сваіх узброеных сілаў з прывязкаю да параду 1993 года.

Чаму большасць дзяржаваў былога СССР адмовілася ад савецкага Дня абаронцы айчыны, а ў Беларусі гэта застаецца дзяржаўным святам? Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение», разважае ў эфіры «Белсату»:

«Такія святы маюць у першую чаргу сімвалічнае значэнне. Ва ўсіх краінах людзі выбіраюць, што і калі святкаваць, і такім чынам канструююць сваю ідэнтычнасць. Мы нашчадкі каго – тых, хто змагаўся пад Воршай, ці мы нашчадкі савецкай Чырвонай арміі?»

Прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі як у пачатку 1990-х, так і цяпер не гатовыя да шанавання нацыянальных беларускіх традыцыяў, заўважае Мажэйка: што вяртанне сцягу БССР, што святкаванне Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, што дамінаванне савецкага ў беларускім войску.

Пераход ад «каланіяльных святаў» да нацыянальных – гэта складнік дэкаланізацыі, разбурэнне імперскага наратыву, працягвае ён. Калі атрымліваеш незалежнасць, трэба тлумачыць, чым ты выразна адрозніваешся ад метраполіі, чым ты за яе лепшы. Людзі звяртаюць увагу перадусім на сімвалічныя рэчы: сцяг, герб, мову, святы…

Лукашэнка ж, кажа Мажэйка, дэманструе, што ён не проста пераемнік Савецкага Саюзу, а ці не больш савецкі за рэальны СССР – «больш імперыя, чым сама імперыя». На такіх лозунгах ён прыйшоў да ўлады амаль 30 гадоў таму, ды праблема ў тым, што ён «перажыў свой час»: у 1990-х ён мог перамагчы на выбарах, а цяпер не можа; у 1990-х у беларусаў быў запыт на савецкую імперыю, цяпер няма.

Hавiны
Аршанскую бітву прыбяруць, Каліноўскага выкрасляць. Як перапісваюць падручнікі
2023.09.08 09:00

Для Масквы гэта б магло быць важным. У Крамлі звяртаюць увагу на сімвалічныя рэчы, любяць прыхільнасць да расейскай мовы і савецкіх святаў, любяць культурную і ментальную залежнасць краінаў ад былой метраполіі. Ды, па-першае, звычайным расейцам усё роўна, калі там у Беларусі святкуюць сваё вайсковае свята, гэта цікавіць толькі «імперскую» меншасць. А па-другое, Масква не можа прапанаваць былым часткам імперыі пазітыўнай альтэрнатывы кшталту высокага ўзроўню жыцця і асабістых свабодаў, таму вымушаная замест soft power, культурнай мяккай сілы, карыстацца жорсткай сілай і проста прымушаць «не сыходзіць са сваёй арбіты», як цяпер спрабуе зрабіць у вайне ва Украіне.

Ці значыць гэта, што беларусы як народ проста інфантыльныя, а ўкраінцы ці літоўцы больш спелыя як народы? Мажэйка так не лічыць. Справа з дзяржаўнымі святамі, разважае ён, хутчэй проста падкрэслівае: так, калісьці большасць беларусаў галасавала за захаванне Савецкага Саюзу; так, на першых дэмакратычных выбарах перамог кандыдат з лозунгамі вяртання ў савецкую мінуўшчыну; так, былі настроі на савецкую сімволіку.

Балтыйскія краіны ў пачатку 1990-х, лічыць ён, былі больш «падрыхтаваныя да незалежнасці» не таму, што народы там лепшыя, а таму, што мелі досвед незалежнасці ў бліжэйшай перспектыве – да Другой сусветнай вайны. У беларусаў запыт на незалежнасць і «беларускасць» з’явіўся пазней, ужо падчас лукашэнкаўскай улады.

Hавiны
У Варшаве адбудзецца дабрачынны канцэрт да гадавіны бітвы пад Воршай
2023.08.31 17:18

Аляксандр Асколаў, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў