Мінус 1,5 года ў прысудзе Эдуарду Бабарыку – гэта мэсідж нам ад уладаў


6 ліпеня ў Менскім абласным судзе Эдуарду Бабарыку быў агучаны прысуд: 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Але праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што ў фінальны тэкст пастановы суда не былі ўключаныя 1,5 года з тых трох, што Эдуард Бабарыка адседзеў у СІЗА КДБ. Спыталі ў юрыстаў, што хацелі сказаць улады, пайшоўшы на такі крок.

Эдуард Бабарыка падчас суда. Менск, 5 ліпеня 2023 года.
Фота: sb.by

Пакаранне без злачынства

Пастанова прысуду ўтрымлівае абвінавачанне Эдуарда Бабарыкі паводле такіх артыкулаў, як ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 («Удзел і дапамога ў арганізацыі парушэння грамадскага парадку»), ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 («Узбуджэнне варожасці») Крымінальнага кодэксу.

Пакаранне, якое было прызначанае Эдуарду Бабарыку, прадугледжвае пазбаўленне волі на 8 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам 5000 базавых велічыняў.

Нагадаем, што Эдуард не прызнаў ніводнага з выстаўленых яму абвінавачанняў, пра што і заяўляў у судзе: «Я не здзяйсняў ніводнага са злачынстваў, у якіх мяне абвінавачваюць. Следствам не было знойдзена ніводнага доказу маёй віны».

У той жа час праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што ў тэрмін не залічылі час перабывання ў СІЗА КДБ ад 18 чэрвеня 2020 года (калі ён быў арыштаваны) да 14 снежня 2021 (калі ў дачыненні яго была пачатая новая крымінальная справа, у якой ён і быў асуджаны).  Гэта фактычна працягвае тэрмін перабывання Эдуарда ў зняволенні.

Рэч у тым, што тры гады, праведзеныя ў СІЗА, паводле закону, павінны быць роўныя 4,5 гадам зняволення («дзень за паўтара»). Гэта значыць, што пасля абвяшчэння прысуду Эдуарду Бабарыку засталося б адбыць тры з паловай гады зняволення. А так ён павінны будзе правесці яшчэ каля пяці з паловай гадоў за кратамі.

Чаму яны так робяць? Меркаванні юрыстаў

На думку Рамана Кісляка, юрыста і праваабаронцы «Human Rights Impact», уся гэтая сітуацыя абсалютна непрымальная. «Відавочна, што гэта нейкія такія маніпуляцыі і хітрыкі. Я спадзяюся, што пры абскарджанні гэтае пытанне будзе выпраўленае. Яўна тут парушэнне нават дзейных палажэнняў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу», – адзначыў юрыст.

Так, ён лічыць, што здараюцца ўсялякага роду памылкі – як наўмысныя, так і ненаўмысныя. Бо гэта «судовы канвеер: адна справа заканчваецца, другая пачынаецца», але для гэтага ёсць абарона, якая павінна паставіць пытанне пры абскарджанні. Такія відавочныя памылкі павінны выпраўляцца. Можа быць, дапускае юрыст, гэта спецыяльна і зроблена, каб пазней усё прывесці ў норму і паказаць: вось як мы выпраўляем свае памылкі.

Раман Кісляк адзначае, што падобных выпадкаў за час ягонай практыкі ў Беларусі не здаралася: «Калі я працаваў, то гэта быў бы скандал, была б скарга, і пасля на ўзроўні касацыі гэта было б выпраўлена адназначна».

Але ў любым выпадку, адзначае юрыст, згодна з працэдурамі так рабіць немагчыма. Эдуард Бабарыка быў затрыманы, і, атрымліваецца, што адседзеў незаконна. Таму, лічыць Кісляк, адвакату, які прадстаўляе інтарэсы Бабарыкі, трэба дабівацца выпраўлення гэтай сітуацыі.

Міхаіл Кірылюк, праўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, таксама адзначае, што за трыццаць гадоў сучаснай Беларусі такога выпадку яшчэ не было. «Калі б такое было, пра гэта б ужо ведалі ўсе», – адзначае юрыст.

Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард.
Фота: viktar_babaryka / Twitter

Ва ўладаў на Бабарыку нічога няма, але ёсць мэсідж для нас

Агулам жа Раман Кісляк адзначыў, што ўвогуле не бачыць падставаў для гэтай крымінальнай справы: «Я лічу, што яна высмактаная з пальца: чалавека адвольна затрымалі і такую вялікую колькасць часу проста трымалі». На ягоную думку, чым больш чалавек сядзіць пад вартаю, тым з большай верагоднасцю гэта азначае або тое, што справа вельмі-вельмі складаная, на шмат тамоў, або тое, што ў следства нічога на чалавека няма, «яны высмоктваюць усё з пальца».

Міхаіл Кірылюк таксама гаворыць, што пачынаць гэтую размову трэба менавіта з пытання: а ці вінаваты насамрэч Эдуард Бабарыка?

Бо з ўсіх дзеяннях улады, у тым ліку пракурораў і следчых, відаць, што факту злачынства не было. Эдуарда абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, у тым, што ён рабіў гэта супольна з бацькам, банкірам Віктарам Бабарыкам. Але ў той жа час бацьку як галоўнага сведку абвінавачання не выклікалі на працэс, хоць згодна з прававой логікай павінны былі гэта зрабіць. Таму мы і прыходзім да сумнай высновы, адзначае наш суразмоўца, што ніякага ўхілення ад выплаты падаткаў не было. Праз пакаранне сына ціснуць на аднаго з найбольш папулярных кандыдатаў у прэзідэнты 2020 года – Віктара Бабарыку.

«Адначасова гэта спроба запужаць аўдыторыю прыхільнікаў гэтых людзей. Таму гэта мэсідж усім нам: вы хацелі, каб Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка быў ва ўладзе? Вось глядзіце, што мы можам з вамі за гэта зрабіць», – падкрэслівае юрыст.

Калі глядзець на сітуацыю з няўлічанымі 1,5 года ў прысудзе Эдуарду Бабарыку з такога боку, адзначае Міхаіл Кірылюк, то атрымліваецца: навошта шукаць нейкія зачэпкі і працэдуры? «Наадварот, – кажа наш суразмоўца, – трэба максімальна паказаць, што для нас, калі справа датычыць ворагаў улады, ніякія зачэпкі і працэдуры не патрэбныя, мы вышэйшыя за іх. Вось і ўсё. Гэта такі мэсідж».

Не існуе катэгорыі права

Таксама Міхаіл Кірылюк падкрэсліў, што для ўладаў не існуе катэгорыі права, і таму, калі мы хочам зразумець іх логіку, нам таксама трэба адмовіцца ад гэтай катэгорыі. Бо рэжым насамрэч разважае катэгорыямі як з ваеннапалоннымі: вось ёсць ворагі, якія жадаюць захапіць уладу, таму трэба іхных генералаў узяць у палон, катаваць іх, ціснуць на іх, шантажаваць, каб не даць ім забраць уладу, бо для рэжыму ўлада важнейшая за жыццё некалькіх дзясяткаў, соцень ці тысячаў людзей.

Для суддзі, які выносіць прысуд, «больш істотна загад выканаць, чым меркаванне медыяў і людзей увогуле» – так адказаў Міхаіл Кірылюк на пытанне, ці не прасцей было прысудзіць максімальны тэрмін Бабарыку-малодшаму, чым ствараць нагоду для медыяў, не залічыўшы паўтара года ў агульны прысуд.

Пасля 2020 года, кажа юрыст, атрымалася так, што тыя, хто застаюцца суддзямі ў беларускай сістэме, ужо напалову маральна гатовыя, што ім могуць накіраваць нейкую справу, якую яны павінныя будуць разглядаць. Таму якая для гэтых суддзяў розніца, адзначае наш суразмоўца, што скажуць людзі, якія на іхнае жыццё не ўплываюць, – больш істотна, што скажа начальнік, які можа не адправіць у адпачынак ці выпісаць або не выпісаць прэмію.

Пры гэтым Міхаіл Кірылюк падкрэслівае, што «калі суддзя, пракурор, следчы – цэлая каманда – робіць арганізаваную фальсіфікацыю, якая цягнецца часам не першы год, то гэта працяглае злачынства, г. зн. не спантаннае, а спланаванае і арганізаванае, што дадае цяжкасці». Калі вынікам гэтай фальсіфікацыі робіцца ўтрыманне заведама невінаватага ў турме (у выпадку Эдуарда Бабарыкі гэта ўтрыманне цягам 8 гадоў за кратамі), то гэта можна трактаваць як цяжкое злачынства, учыненае так званымі прадстаўнікамі правасуддзя, яно караецца пазбаўленнем волі да 10 гадоў паводле арт. 392 Крымінальнага кодэксу.

Логіка ўладаў ад былога следчага

Цікавы каментар, які выданне «Медиазона» атрымала ў былога беларускага следчага. Ягоныя словы спрабуюць апісаць логіку, якой кіраваліся прадстаўнікі беларускага правасуддзя падчас абвяшчэння прысуду Эдуарду Бабарыку:

«Можна меркаваць, што СК расследуе справу і бачыць, што няма складу, справа ідзе на спыненне. Перад прыняццем рашэння аб спыненні ДФР заводзіць новую справу і арыштоўвае Бабарыку. У гэты час першая справа спыняецца, а ДФР перадае справу ў СК для далейшага расследавання. І калі яна прыходзіць у СК, першай справы як быццам няма, падставаў для ўзнаўлення і аб’яднання няма. Фармальна справы не звязаныя адна з адной. І тэрмін ідзе паводле другой справы, а ў першай ён [Эдуард Бабарыка] мае права звяртацца па кампенсацыю. Чыстай вады маніпуляцыя».

Гісторыі
Эдуарду Бабарыку вынеслі прысуд – 8 гадоў калоніі
2023.07.05 16:41

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў