«Дачка піша і пытаецца, чаму тата не адказвае». У Вільні прайшоў брыфінг, прысвечаны Сяргею Ціханоўскаму


8 сакавіка ў Вільні прайшоў брыфінг, прысвечаны таму, што Сяргея Ціханоўскага ўжо год утрымліваюць у няволі без сувязі з вонкавым светам – у рэжыме інкамунікада.

8 сакавіка Святлана Ціханоўская прыйшла да будынку амбасады Беларусі ў Літве з партрэтам мужа. У гэты дзень спаўняецца год, як Сяргей Ціханоўскі застаецца без сувязі з вонкавым светам. Беларуская лідарка звярнулася да генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша з просьбай умяшацца ў сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі. Вільня, Літва. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

З 9 сакавіка 2023 года Ціханоўскі пазбаўлены магчымасці кантактаваць з адвакатамі і дактарамі, размаўляць з сям’ёй, атрымліваць любую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў свеце. Такім чынам рэжым Лукашэнкі імкнецца зламаць апанентаў, ціснучы на іх фізічна і псіхалагічна.

Як апавяла Святлана Ціханоўская, ужо год да ейнага мужа не пускаюць адвакатаў, сям’я не атрымлівае ад яго лістоў:

«Год таму апошні раз чула яго, а з таго часу ні лістоў, ні званкоў, ні сустрэчаў з адвакатамі. Кожны дзень дачка піша і пытаецца, чаму тата не адказвае. І хоць яна ведае, што з ім адбываецца, але не разумее ўсіх гэтых нюансаў. Акрамя таго, відэа пачатку лета: я ўвогуле нічога не ведаю – жывы ён, не жывы, у якіх умовах. <…> Стан людзей у турмах – гэта тое, што больш за ўсё турбуе. Ты прачынаешся і кладзешся з гэтымі думкамі».

Ціханоўская таксама згадала іншых лідараў беларускай апазіцыі, пра якіх нічога невядома:

«Год, як мы нічога не чулі пра Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Максіма Знака, Ігара Лосіка ды іншых палітвязняў. Інкамунікада – гэта спосаб катаванняў. І гэта катаванні не толькі для палітвязняў, але і для іхных сем’яў, якія жывуць у поўнай невядомасці і страху, што можа адбыцца найгоршае. Рэжым Лукашэнкі ўжо забіў пяцярых беларускіх палітвязняўІгара Ледніка, Вадзіма Храська, Вітольда Ашурка, Алеся Пушкіна, Мікалая Клімовіча – і працягвае забіваць іншых. Турма – гэта павольная смерць. А смерць у зняволенні – гэта страшная смерць».

Фота: Белсат

Абраная прэзідэнтка Беларусі зазначыла: здавалася, нібы забойства Аляксея Навальнага мусіла скалануць міжнародную супольнасць, прымусіць да дзеянняў, але пакуль збольшага чуваць толькі словы асуджэння і заклапочанасці.

«Мы мусім не дапусціць новай ахвяры. Мы мусім спыніць катаванні людзей у турмах», – сказала Ціханоўская і падкрэсліла: свет не мае права пакідаць нашых палітзняволеных у адзіноце і мусіць дабівацца іхнага хуткага вызвалення.

Фота: Белсат

«Умяшайцеся! Патрабуйце спыніць зверскую практыку інкамунікада ў беларускіх вязніцах. У вашых сілах – выратаваць жыцці людзей. І гэта не палітычнае пытанне. Гэта пытанне гуманітарнае! Палітвязням павінен быць забяспечаны доступ да кваліфікаванай медычнай дапамогі, сувязь з адвакатамі і сем’ямі. Я звяртаюся да ўрадаў замежных краінаў – зрабіце пытанне палітвязняў сваім прыярытэтам. Патрабуйце выканання запыту камітэту ААН па правах чалавека да рэжыму аб тэрміновых мерах па справах Віктара Бабарыкі, Максіма Знака і Сяргея Ціханоўскага, – звярнулася Святлана Ціханоўская да генеральнага сакратара ААН Антоніа Гутэрыша і сусветных лідараў. – Выстаўце ўльтыматум Лукашэнку з патрабаваннем паказаць палітвязняў, якіх трымаюць інкамунікада і вызваліць іх з турмаў».

Ціханоўская выказала ўдзячнасць 400 літоўскім і іншым замежным палітыкам, якія ўзялі патранаж над беларускімі палітвязнямі.

«Але палітвязняў – тысячы. І сёння мы павінны быць рашучымі і салідарнымі, – сказала беларуская лідарка. – І рэжым павінен чуць, што мы не спынімся, пакуль усе не будуць вольныя».

На акцыю прыйшла былая адвакатка Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага Наталля Мацкевіч. Яна казала пра тое, што цяпер вельмі важна перарваць блакаду, у якой знаходзяцца палітвязні, бо яна несумяшчальная з унутраным заканадаўствам, а таксама супярэчыць усім нормам міжнароднага права, таму што ўтрыманне ў рэжыме інкамунікада без сувязі з вонкавым светам – гэта маральныя катаванні і перадумовы для фізічнага катавання.

«Патрабаванні ўжо зартыкуляваныя міжнароднымі органамі і група экспертаў Рады па правах чалавека яшчэ ў траўні мінулага года звярнулася да беларускай дзяржавы і выпусціла заяву пра тое, што гэта перадумовы гвалтоўнага знікнення, і што такога быць не павінна. Камітэт па правах чалавека звярнуўся да дзяржавы з заклікам аб тэрміновых мерах – забяспечыць доступ адвакатаў, сваякоў і медычную дапамогу. Усё, што мы можам цяпер – гэта казаць, і важна, чый голас будзе для іх лепш чутным і значным», – казала адвакатка.

Праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка прыйшоў на брыфінг, каб нагадаць пра сваіх калегаў праваабаронцаў – Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзя Лабковіча, «якія былі кінутыя за краты толькі за тое, што дапамагалі іншым людзям», а таксама, каб «праявіць салідарнасць з тысячамі іншых беларускіх палітвязняў, якія сядзяць толькі за тое, што не маўчалі, што патрабавалі пераменаў».

Фота: Белсат

«Я быў там і ведаю, як кожны на інтэлектуальным узроўні там спрабуе пераасэнсаваць сваё жыццё і магчыма ўжо не аднойчы развітацца з ім, – падзяліўся праваабаронца. – Маральна там у шмат разоў складаней, бо кожны палітычны сядзіць без злачынства і гэта вельмі цяжка. Да мяне вельмі часта прыходзілі думкі – што я тут раблю, у гэтых умовах? Чаму я тут? Я не здзяйсняў ніякага правапарушэння. Спрабуеш сябе захаваць, шукаеш розныя лайфхакі дзеля гэтага – пачынаеш верыць у амністыю, ва ўмоўна-датэрміновае вызваленне, нават слухаць так званае зэк-радыё».

Фота: Белсат

Леанід Судаленка зазначыў, што сёння «у нас няма моцных пазіцыяў, з якіх мы маглі б весці перамовы з уладамі, выстаўляць нейкія ўмовы, але ў нас ёсць салідарнасць і наш голас – тое, што забраць у нас нельга».

У практыцы міжнародных праваабарончых механізмаў інкамунікада стаіць у адным шэрагу з гвалтоўнымі знікненнямі – адным з самых цяжкіх парушэнняў правоў чалавека. Сёння ў Беларусі, акрамя Сяргея Ціханоўскага, без сувязі са знешнім светам таксама знаходзяцца Максім Знак, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік. 8 сакавіка муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда паведаміў, што ад жонкі ўжо роўна два месяцы няма ніякіх звестак.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў