Ад палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк роўна два месяцы няма ніякіх звестак


Муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк 8 сакавіка апублікаваў допіс на сваёй старонцы ў Facebook, у якім апавёў, як Міжнародны жаночы дзень адзначаўся ў сям’і, а таксама, што ўжо два месяцы пра Паліну нічога невядома.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

«Паліна не адзначала 8 сакавіка. І, ведаючы гісторыю гэтага «свята», заўсёды з усмешкай адносілася да гэтай кветкава-падарункавай ліхаманкі», – напісаў Андрэй Шарэнда.

Тым не менш муж палітзняволенай думае, што як дзень салідарнасці з жанчынамі, якія змагаюцца за свае правы, гэты дзень можа існаваць:

«Для беларусаў гэта дзень, калі варта ўзгадаць нашых мужных жанчын, якія нават за кратамі працягваюць барацьбу. І гэта барацьба не толькі за свае жыццё, гонар і годнасць, гэта барацьба за свабоду і незалежнасць Беларусі. Гэта барацьба за ўсіх нас».

Андрэй Шарэнда адзначыў, што 8 сакавіка – роўна два месяцы, як ад Паліны няма ніякіх звестак: адміністрацыя калоніі ўжыла ў дачыненні жанчыны і ейнай сям’і рэжым інкамунікада.

«Два месяцы адсутнасці любой інфармацыі аб стане Паліны, толькі чорная цішыня. Трымайся, каханая! Верым, чакаем, молімся і робім усё магчымае», – рэзюмаваў Андрэй Шарэнда.

Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Першы раз ёй прызначылі 2 гады калоніі за нібыта гвалт у дачыненні міліцыянта, знявагу Лукашэнкі і знявагу прадстаўніка ўлады. Затым былі яшчэ два прысуды як пад капірку: па годзе зняволення паводле абвінавачання ў зацятым непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі. Сёлета Паліна мусіць выйсці на волю, і ейны муж хвалюецца, што жанчыну могуць ізноў не выпусціць, і заклікае ціснуць на рэжым Лукашэнкі.

На дзень 8 сакавіка 2024 года ў Беларусі – 171 палітзняволеная жанчына.

Hавiны
Андрэй Шарэнда: Імаверна, супраць маёй жонкі ўключылі рэжым інкамунікада
2024.02.20 19:05

Што такое інкамунікада?

У міжнародным праве ёсць такі тэрмін, ён апісвае чалавека ў няволі, якога пазбавілі ліставання і спатканняў з адвакатамі і сваякамі. У такім стане ні зняволены не атрымлівае ніякай інфармацыі з волі, ні людзям па-за турмою пра яго нічога не вядома. У практыцы міжнародных праваабарончых механізмаў інкамунікада стаіць у адным шэрагу з гвалтоўнымі знікненнямі – адным з самых цяжкіх парушэнняў правоў чалавека.

Гісторыі
«З аўсянкі рабілі маскі, гелевымі асадкамі малявалі стрэлкі на вачах». Як захаваць прыгажосць за кратамі?
2024.03.08 07:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў