У Азербайджане на год раней перанеслі прэзідэнцкія выбары. Што кажуць апазіцыя і эксперты


Прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў падпісаў распараджэнне аб прызначэнні на 7 лютага 2024 года пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў. Гэта пры тым, што дзейны сямігадовы тэрмін палітыка завяршаецца больш як на год пазней – у красавіку 2025 года.

Ільхам Аліеў.
Фота: president.az

Прычыны прызначэння выбараў на такі ранні тэрмін не тлумачацца.

Фальсіфікацыі і рэпрэсіі

Лідар апазіцыйнай «Партыі народнага фронту Азербайджану» Алі Керымлі заявіў «TURAN», што кіроўны рэжым праводзіць выбары як «раптоўную ваенную аперацыю супраць свайго народу». Ён лічыць, што прызначэнне пазачарговых выбараў без папярэдніх абмеркаванняў з’яўляецца падрыхтоўкай «да фальсіфікацыі выбараў». Паводле яго, цяпер зразумела, «чаму ў апошнія дні адбылася серыя незаконных арыштаў, чаму штучна нагняталася напружанасць у адносінах з ЗША, ЕЗ і АБСЕ». Самыя ж «пастановачныя выбары» праводзяцца «нават без мінімальных магчымасцяў для канкурэнтаў».

«Праз чарговую фальсіфікацыю ён хоча яшчэ больш падоўжыць сваю ўладу», – лічыць Керымлі, не выключаючы таксама «хуткай ваеннай паразы саюзніка Аліева – рэжыму Пуціна».

Паводле лідара партыі «Мусават» Арыфа Гаджылы, у датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах няма неабходнасці. На яго думку, раптоўнае прызначэнне выбараў за два месяцы да іх – гэта ігнараванне інтарэсаў азербайджанскага грамадства. Паводле яго, «калі прэзідэнт убачыў у гэтым неабходнасць, значыць для гэтага ёсць невядомыя нам прычыны».

Дэпутат ад кіроўнай партыі «Новы Азербайджан» Нагіф Гамзаеў наадварот указаў на «розныя і хуткія працэсы» ў рэгіёне. Паводле яго, «аператыўныя крокі і апярэджваць некаторыя працэсы».

Гамзаеў адзначыў, што перамога ў 44-дзённай вайне з Арменіяй, а затым знішчэнне самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі яшчэ больш узмацнілі любоў да прэзідэнта. Таму, «і розніцы няма, калі праводзіць выбары на год раней ці на год пазней».

Крызіс нарастае, козыраў няма

Дырэктар Інстытуту палітычнага менеджменту Азер Гасымлы лічыць, што правядзенне прэзідэнцкіх выбараў на 15 месяцаў раней за тэрмін сведчыць, што «кіраўнік дзяржавы не ўпэўнены ў сабе». Паводле яго, «у краіне нарастае сацыяльная напружанасць і, верагодна, у наступным годзе яна дасягне піку».

«Яны не змаглі ператварыць карабахскую перамогу ў легітымнасць і грамадскую падтрымку. На руках улад няма козыраў, для выкарыстання ў вонкавай палітыцы», – адзначыў Гасымлы.

Ён таксама чакае нарастання рэпрэсіяў у краіне на тле пагаршэння стасункаў з ЗША.

А кіраўнік Інстытуту грамадзянскіх правоў Башыр Сулейманлы звязвае пазачарговыя выбары ў Азербайджане з прэзідэнцкімі выбарамі ў РФ, якія адбудуцца 17 сакавіка. На яго думку, улады Азербайджана могуць жадаць застрахаваць сябе.

Ільхам Аліеў узначальвае Азербайджан з 2003 года. Да таго дзесяць гадоў краінай кіраваў ягоны бацька Гейдар Аліеў. Спачатку Ільхам Аліеў адмяніў закон аб тым, што прэзідэнцкае крэсла можна займаць толькі два тэрміны запар. А потым павялічыў тэрмін знаходжання на гэтай пасадзе з пяці да сямі гадоў. Палітолагі мяркуюць, што ён таксама мае намер перадаць сваю пасаду сыну – Гейдару Аліеву малодшаму.

Hавiны
Аліеў узняў азербайджанскі сцяг над сталіцай Нагорнага Карабаху. І ў іншых месцах таксама
2023.10.15 15:25

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў