Як краіны абыходзяцца са спадчынаю камунізму


Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, якая адбылася 105 гадоў таму. Разам з Расеяй нашая краіна – як Франкенштайн – працягвае ўваскрашаць мёртвае, у той час як шмат якія краіны асудзілі злачынствы камуністычнага рэжыму і на працягу апошніх 30 гадоў праходзяць працэсы дэкамунізацыі. Яны маюць як агульныя рысы, так і асаблівасці ды часта залежаць ад прывязкі да Расеі. Паглядзелі, як гэта адбываецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святочны канцэрт у парку Горкага. Менск, Беларусь. 9 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

У адрозненне ад нацызму, злачынствы якога былі асуджаныя Нюрнбэргскім міжнародным ваенным трыбуналам у 1945–1946 гадах, міжнароднага суда над злачынствамі камунізму дасюль не адбылося. Пасля падзення камуністычных рэжымаў у краінах Усходняй Еўропы і былога СССР у 1989–1991 гадах урады шэрагу дзяржаваў у Еўропе і Балтыі прынялі законы, якія асуджаюць гэтыя рэжымы.

Працэсы посткамуністычных трансфармацыяў у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы трываюць больш за 30 гадоў. Дэкамунізацыя – частка палітыкі нацыянальнай памяці і адзін з базавых элементаў дэмакратычных пераўтварэнняў. Асаблівасці гэтых працэсаў падкрэсленыя ў рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў 2009 годзе: «Пераход ад камуністычнай дыктатуры да дэмакратыі не можа быць ажыццёўлены імгненна. Пры гэтым павінны быць улічаныя гістарычны досвед і культурная спадчына адпаведнай краіны».

Што ўлучае дэкамунізацыя?

  1. Асуджэнне камуністычнага рэжыму.
  2. Забеспячэнне адкрытасці архіваў і доступу да іх. Для гэтага ўрады рабілі ўсё магчымае, каб грамадскасць даведалася, што адбывалася ў савецкі час. У розных краінах паўставалі спецыяльныя структуры – інстытуты нацыянальнай памяці: напрыклад, у Чэхіі, Славаччыне, Літве, Эстоніі, Румыніі, Польшчы. Звычайна гэта грамадскія арганізацыі, якія адкрываюць архівы і палітычныя справы.
  3. Забарона публічна выкарыстоўваць камуністычную сімволіку. Сюды ўваходзіць наяўнасць нормаў заканадаўства, якія прадугледжваюць пакаранне за публічнае выкарыстанне такой сімволікі: адміністратыўнае (штраф), як у Вугоршчыне, і крымінальнае, як у Нямеччыне.
  4. Змены назваў аб’ектаў тапанімікі, мясцовасцяў, раёнаў, вобласцяў, прадпрыемстваў і арганізацыяў. Перайменаванне вуліцаў, знос помнікаў, дэмантаж аб’ектаў ды іншыя падобныя пераўтварэнні публічнай прасторы ў краінах Усходняй Еўропы не рэгуляваліся ніякімі адмысловымі законамі. У Румыніі, Балгарыі, Польшчы, Балканскіх краінах, Вугоршчыне ўсё гэта адбывалася на ўздыме масавых антыкамуністычных настрояў у 1989–1993 гадах і рабілася звычайнымі людзьмі. Характэрны прыклад Харватыі, дзе на хвалі ўздыму нацыяналістычных настрояў і сербскага ўварвання ў пачатку 1990-х укаранілася ідэя, якая прыраўноўвае камунізм да ідэалогіі сербскага панавання. Публічная прастора ў гарадах масава і спантанна дэкамунізавалася: пераназываліся вуліцы, зносіліся помнікі. Аднак, у адрозненне ад Балтыйскіх краінаў і Украіны, харваты не забаранілі камуністычнай сімволікі.

Дэкамунізацыя-люстрацыя па-чэшску

Узорам дэкамунізацыі ў Еўропе разглядаюць Чэхію. Сучасны працэс дэкамунізацыі вядомы тут пад назваю «люстрацыя». У лістападзе 1991 года федэральны парламент Чэхаславацкай федэратыўнай рэспублікі прыняў Закон аб часе несвабоды. Ён прызнаваў і канстатаваў парушэнне правоў чалавека і законаў камуністычным рэжымам 1948–1989 гадоў. У ліпені 1993-га, пасля распаду Чэхаславаччыны, парламент Чэшскай рэспублікі прыняў яшчэ адзін закон – аб супрацьпраўнасці камуністычнага рэжыму і барацьбе з ім. У ім канстатавалася, што Камуністычная партыя Чэхаславаччыны, яе кіраўніцтва і чальцы адказваюць за незаконныя і антыгуманныя дзеянні перыяду 1948–1989 гадоў. Сярод іх – забарона любой магчымасці свабодна выказваць палітычную волю, сістэматычнае парушэнне правоў чалавека, ціск на асобныя групы грамадзянаў, выкарыстанне для пераследу сілавых інструментаў ды іншыя злачынствы дзеля ўтрымання ўлады. У 1993-м парламент адмяніў тэрмін даўніны для злачынстваў камуністычнага рэжыму.

Згодна з прынятымі ў той час законамі, людзі, якія працавалі ў міліцыі, спецслужбах або супрацоўнічалі з імі, партыйныя функцыянеры раённага ўзроўню і вышэй не могуць балатавацца на выбарныя пасады і працаваць у шэрагу дзяржаўных органаў ды кампаніяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прага, Чэхаславакія. 1991 год.
Фота: Patrick Zachmann / Magnum Photos / Forum

Пасля распаду краіны ў Славаччыне гэты закон перасталі выконваць, пачынаючы з 1994 года. У Чэхіі многія таксама выступілі супраць яго імплементацыі, у тым ліку прэзідэнт Вацлаў Гавэл. Прычына – дэфіцыт кіраўнічых кадраў. Нягледзячы на гэта, правая большасць у чэшскім парламенце пераадолела прэзідэнцкае вета і працягнула тэрмін дзеяння закону. Урэшце, у 2008-м стварылі цэнтралізаваную грамадзянскую арганізацыю, якая адмініструе былыя архівы спецслужбаў і забяспечвае адкрыты доступ да ўсіх дакументаў, якія ў іх змяшчаюцца.

А як з люстрацыяй у Польшчы ды іншых краінах?

У Польшчы ў 1989 годзе новаабраны прэм’ер-міністр Тадэўш Мазавецкі заявіў: «Пад мінулым мы падводзім тоўстую рысу. Адказваць будзем толькі за тое, што зрабілі, каб выцягнуць Польшчу з цяперашняга крызісу». У 1992-м Сойм прыняў Закон аб люстрацыі, але Канстытуцыйны суд прызнаў яго супярэчным Асноўнаму Закону. Новы закон на гэтую тэму прынялі ў 1996-м, але момант быў страчаны.

З таго часу ўжо адбылася змена пакаленняў у палітыцы натуральным шляхам: прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі падкрэсліваў, што ён першы кандыдат, які пражыў дарослае жыццё ўжо пасля 1989 года.

Люстрацыйныя законы былі прынятыя ў Вугоршчыне (1991-ы, ішлося пра адмену тэрміну даўнасці для палітычных забойстваў у 1944–1990 гадах) і Балгарыі (1992-і, забарона сакратарам Кампартыі ды прафесарам марксізму-ленінізму займаць кіроўныя пасады ў навучальных установах і ў мясцовых органах). Але ў абодвух выпадках іх адмянілі канстытуцыйныя суды.

Украіна: дэкамунізацыя праз вайну і кроў

У пачатку 1990-х асноўную частку працы для дэкамунізацыі ва Украіне ўзяла на сябе інтэлектуальная эліта з былых рэпрэсаваных. Улада, якая складалася з учорашніх камуністаў, спрабавала засцерагчы сябе ад люстрацыі прыняццем фасадных законаў, а забарона Камуністычнай партыі аказалася часовай і неўзабаве была адмененая. У верасні 1991-га архівы КДБ былі перададзеныя ў дзяржаўныя інстытуты, аднак гэты працэс практычна адразу прыпынілі. У абласныя архівы паспелі перадаць толькі паўтара мільёна справаў рэпрэсаваных.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Актывіст з плакатам на акцыі пратэсту ля будынку Канстытуцыйнага суда Украіны падчас разгляду справы аб канстытуцыйнасці законаў аб люстрацыі і дэкамунізацыі. Кіеў, Украіна. 4 ліпеня 2019 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Працэсы ішлі досыць марудна. У 1996 годзе стварылі Дзяржаўную міжведамасную камісію ў справе ўвекавечання памяці ахвяраў вайны і палітычных рэпрэсіяў, дзейнасць якой не прынесла ніякіх бачных вынікаў. Таксама ў пачатку 1990-х прынялі дзяржаўную праграму «Рэабілітаваныя гісторыяй», якая не атрымала шырокай агалоскі.

У 2006 годзе стварылі Украінскі інстытут нацыянальнай памяці, які пачаў займацца пытаннямі Галадамору і савецкай тапанімікі. У студзені 2009-га зʼявіўся Указ прэзідэнта аб рассакрэчванні, абнародаванні і вывучэнні архіўных дакументаў, звязаных з украінскім вызвольным рухам, палітычнымі рэпрэсіямі і Галадаморам ва Украіне. Аднак з прыходам да ўлады Віктара Януковіча, у 2010 годзе, працэс дэкамунізацыі спыніўся і аднавіўся толькі пасля Рэвалюцыі годнасці ды ў якасна іншым фармаце. Распрацоўнікі заканадаўства арыентаваліся на суседнія дзяржавы, якія прайшлі працэс забароны абʼяднанняў на прынцыпах камуністычнай ідэалогіі, у якіх былі завершаныя працэсы дэмакратычных рэвалюцыяў – Польшчу, Чэхію, краіны Балтыі. У выніку ў красавіку 2015-га Вярхоўная Рада Украіны прыняла пакет з чатырох законаў аб дэкамунізацыі: аб асуджэнні таталітарных рэжымаў, аб наданні поўнага доступу грамадзянам да сакрэтнай дакументацыі савецкіх спецслужбаў, аб прававым статусе ўдзельнікаў барацьбы за незалежнасць і ўвекавечанні памяці пра перамогу над нацызмам.

Пасля актывізацыі расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне стварылі Раду для дэрусіфікацыі і дэкамунізацыі. Яна займаецца пытаннямі дэмантажу помнікаў ды іншых аб’ектаў савецкага мінулага. У прыватнасці ў цэнтры Кіева дэмантавалі скульптуру двух рабочых пад Аркаю дружбы народаў (цяпер – Арка Свабоды ўкраінскага народу), устаноўленую ў 1982-м у якасці сімвалу ўзʼяднання Украіны і Расеі. Акрамя гэтага, пасля расейскага ўварвання адразу ў некалькіх мясцовасцях Украіны знеслі помнікі Аляксандру Пушкіну, а ў Харкаве дэмантавалі помнік Аляксандру Неўскаму. Змяненні плануюць унесці і ва ўкраінскую школьную праграму: адтуль прыбіраюць кнігі, «якія апяваюць расейскую армію», напрыклад, «Вайну і мір» Льва Талстога. Трываюць дыскусіі пра тое, ці пакідаць кагосьці з расейскіх пісьменнікаў у праграме замежнай літаратуры, у межах якой іхныя творы цяпер вывучаюцца ва ўкраінскіх школах.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў