Энергетычны крызіс ва Украіне. 4,5 мільёна спажыўцоў заставаліся без святла ў нядзелю ўвечары


Ва Украіне ў нядзелю вечарам без святла заставаліся 4,5 млн спажыўцоў. Пра гэта ў відэазвароце вечарам 6 лістапада заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У краіне працягваюцца планавыя і экстранныя адключэнні электраэнергіі. Замежныя партнёры перадаюць сотні электрагенератараў.

«На гэты вечар у Кіеве і шасці вобласцях працягваюцца стабілізацыйныя адключэнні электрычнасці. Без святла больш за 4,5 млн спажыўцоў. Больш за ўсё цяпер – у Кіеве і Кіеўскай вобласці. Сапраўды складана», – цытуе Уладзіміра Зяленскага «Интерфакс-Украина».

Адключэнне спажыўцоў 7 лістапада

Для хутчэйшага аднаўлення працы энергасістэмы пасля расейскіх удараў па абʼектах крытычнай інфраструктуры Украіны з раніцы і да канца дня 7 лістапада прыменяць графікі планавых абмежаванняў у Кіеве і 7 вобласцях: Кіеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Жытомірскай, Сумскай, Харкаўскай і Палтаўскай. Як папярэджвае НЭК «Укренерго», у сталіцы і названых вобласцях чакаецца моцны дэфіцыт у энергасістэме, таму аператары размеркавальных сетак абмяжуюць электразабеспячэнне спажыўцоў.

«У гэтых рэгіёнах сетка атрымала найбольшыя пашкоджанні. Для стабільнай і збалансаванай працы энергасістэмы трэба скараціць спажыванне на 30 %», – гаворыцца ў паведамленні.

Абʼяднаная энергасістэма Украіны зазнала масаваныя ракетныя напады 10, 11, 17 і 22 кастрычніка і 2 лістапада.

«Для таго каб як мага хутчэй аднавіць энергазабеспячэнне ў той час, пакуль праводзяцца аператыўныя рамонтныя работы, выкарыстоўваюцца рэзервовыя схемы электрасілкавання. Але яны не заўсёды вытрымліваюць тую нагрузку, якую несла ў мірны час энергасістэма», – тлумачыць «Укренерго» прычыны пагадзінных і аварыйных адключэнняў.

Дапамога ад замежных партнёраў

Тым часам Украіна атрымае 500 электрагенератараў ад 17 краінаў Еўрапейскага Звязу для падтрымання доступу да электрычнасці і ацяплення, паведамляе Управа ЕЗ у пытаннях грамадзянскай абароны і гуманітарнай дапамогі.

«Для падтрымання доступу да электрычнасці і ацяплення 17 краінаў ЕЗ накіравалі ва Украіну 500 электрагенератараў праз механізм грамадзянскай абароны ЕЗ», – гаворыцца ў паведамленні ў Twitter.

Сярод краінаў, якія далі дапамогу Украіне: Славенія, Славаччына, Ірландыя, Аўстрыя, Швецыя, Іспанія, Нямеччына, Італія, Данія, Фінляндыя, Эстонія, Бельгія, Балгарыя, Люксембург, Кіпр, Польшча і Францыя.

Раней прэмʼер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль паведамляў, што Украіна атрымала ад донараў ужо 700 генератараў і яшчэ 900 будуць дастаўленыя бліжэйшым часам.

Агляд
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 6 лістапада
2022.11.06 17:47

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў