Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 6 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 256-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 6 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Цягам апошніх содняў узнавіліся баявыя дзеянні на поўначы Харкаўскай вобласці каля ўкраінска-расейскай мяжы: Генеральны штаб ЗСУ паведаміў пра адбіццё атакі праціўніка каля населенага пункту Зыбіна ў Ваўчанскім раёне. У сваю чаргу Збройныя сілы Украіны атакавалі пазіцыі расейцаў у ваколіцах Катляроўкі ў паўночна-ўсходняй частцы вобласці.

У Амвросіеўку (Данецкая вобласць) прыбылі вайскоўцы з падкантрольных Расеі частак Данецкай і Луганскай абласцей, вызваленыя ў выніку абмену палоннымі. 6 лістапада 2022 г.
Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

У суседняй Луганскай вобласці ЗСУ адбілі расейскую атаку каля Белагораўкі. Пры гэтым Міністэрства абароны РФ заявіла пра адбіццё ўкраінскіх атак каля Навасёлаўскага, Плашчанкі, Арцёмаўкі і Стэльмахоўкі. Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай сцвярджае, што ЗСУ працягваюць вызваляць рэгіён і прасоўваюцца штодня на ўсход прынамсі на 500 метраў.

У Данецкай вобласці ўкраінскія вайскоўцы адбілі атакі праціўніка каля Андрэеўкі, Бахмуцкага, Бераставога, Маёрску, Макееўкі, Мар’інкі, Азаранаўкі, Вопытнага, Паўлаўкі, Якаўлеўкі і Ямпалаўкі. Ваенкор Сямён Пегаў піша пра атакі расейцаў на Канстанцінаўку, Невельскае, Первамайскае і Бахмут, на ўсходзе якога па-ранейшаму ідуць гарадскія баі. Іншы ваенкор – Яўгеній Паддубнызаяўляе пра чарговы захоп расейцамі Іванграду і працяг баёў на паўднёвым ускрайку Вопытнага. Між тым інтэрактыўная карта вайны ва Украіне Deepstatemap адзначае, што Іванград ужо больш за месяц знаходзіцца ў так званай шэрай зоне і не кантралюецца ніводным з бакоў канфлікту. Таксама крыніца фіксуе выбіццё расейцаў з паўднёвай часткі Вопытнага.

У Запарожскай вобласці расейскія вайскоўцы няўдала атакавалі ў бок сяла Шчарбакі, таксама абодва бакі абменьваліся артылерыйскімі ўдарамі.

У Херсонскай вобласці, паводле Мінабароны Расеі, ЗСУ атакавалі каля Саблукаўкі і Пяціхаткі. Сямён Пегаў піша пра ўдары ўкраінскай артылерыі па абласным цэнтры, а таксама па Салдацкім, Благадатным і Зялёным Гаі. Ваенкор мяркуе, што неўзабаве ўкраінскія сілы паспрабуюць атакаваць у гэтым кірунку.

За содні Збройныя сілы Украіны знішчылі каля 490 расейцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 75 930 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў