Давайце паклічам замежніка? Хто зойме месца Таццяны Зарэцкай?

Скандал, звязаны з Таццянаю Зарэцкаю, развіваецца мудрагелістаю траекторыяй. Тое, што сабе дазваляюць прадстаўнікі асобных выданняў, у прыватнасці «Нашай нівы», выклікае ў мяне больш яркія негатыўныя эмоцыі, чымся палітычныя, іміджавыя памылкі як Таццяны, так і Кабінету агулам.

Таццяна Зарэцкая і Святлана Ціханоўская на «Warsaw Security Forum».
Фота: Павел Крычко

Паўтаруся, у так званым расследаванні няма якасных экспертных (тэхналагічных) заключэнняў адносна стартапу Таццяны Зарэцкай, няма меркавання з нагоды ўласных укладанняў тых інстытутаў, інвестараў, якія сапраўды выдаткавалі грошы на падтрыманне «Laava Tech» і маюць права голасу з гэтай нагоды.

Адсутнасць нават спробы сабраць такую інфармацыю адпраўляе «Нашу ніву» у бок тэлеграм-каналу «Штаб Оношко», а то і «Желтые сливы», дзе гэтыя ж матэрыялы ўжо з’яўляліся, і задоўга да публікацыі «НН». Дрэнная кампанія для паважанага выдання.

Hавiны
«Мільянер авансам». Аляксандр Кныровіч – пра бізнес і пазіцыянаванне Таццяны Зарэцкай
2022.11.04 12:04

Таццяна сёння – натура, якая сыходзіць, яна ўжо «стаіць у дзвярах». Шлейф скандалу застанецца, аднак пытанне, з кім заснавальнік эстонскага стартапу плавае ў басейне пры гатэлі ў Лісабоне, не павінна хваляваць беларусаў. Гэта ейная асабістая справа, можа быць, справа ейных інвестараў, ну і, вядома, адданых падпісчыкаў у сацсетках.

Калі камусьці з неабыякавых беларусаў здаецца, што Таццяна здзейсніла махлярства, няма лепшага спосабу, чым паведаміць пра гэта «куды варта». Калі так ужо баліць душа за чужыя грошы. А вось у Кабінеце – праблема. І не толькі з іміджам.

Мала таго, што праца Таццяны (пра вынікі якой мы нічога не ведаем) відавочна перапыненая на паўдарозе, дык яшчэ на вызваленае месца конкурс будзе так сабе, як дзе-небудзь у Горацкай сельгасакадэміі. Я мяркую, прыцягнуць на гэтае месца знакавую для беларусаў постаць сёння не ўдасца. Пасля вылітых на Таццяну памыяў проста ніхто не пойдзе.

Абноўлена
«Цяпер я буду бараніць сябе». Таццяна Зарэцкая мяркуе, што пасля сыходу з Кабінету атака на яе спыніцца
2022.11.02 17:26

З іншага боку, калі задумацца, то якія функцыйныя абавязкі сёння могуць быць у прадстаўніка ў справах фінансаў і эканомікі?

Распрацоўванне праграмы рэформаў для Новай Беларусі? Я мяркую, што гэта на цяперашні момант бессэнсоўная праца. Рэальныя рэформы будуць праходзіць у нявызначаных цяпер умовах, і тое, што рэальна трэба, гэта апісаць мэту: да чаго мы хочам прыйсці ў эканоміцы, вызначыць пяць умоўных першых крокаў, і ўсё. І гэта не праца для Кабінету.

Дапамога бізнесу? У гэтым месцы можна было б нешта нафантазіяваць, але бізнес у Беларусі ставіцца да дзейнасці Кабінету ў найлепшым выпадку нейтральна і падтрымання не чакае. Стаўленне паводле прынцыпу «не шкодзілі б». За мяжой у беларускіх прадпрымальнікаў ёсць некаторы набор агульных праблемаў, але ён таксама цалкам можа і мусіць  развязвацца без беспасярэдняга ўдзелу Кабінету.

Што яшчэ?

Калі ачысціць гэтую пазіцыю ад мішуры, яе асноўны функцыянал – пошук грошай для функцыянавання Кабінету.

Гучыць не вельмі прыгожа і зусім не натхняе, але гэта так. Гэта простая і зразумелая функцыя. Дык, можа, варта наняць чалавека не паводле гендарнага ці нацыянальнага прынцыпу?

Так, цяжка сабе ўявіць сёння небеларуса, які займаецца ў Кабінеце пытаннямі добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне ці міжнароднымі стасункамі, або тым, што сёння ў падпарадкаванні спадара Азарава. І зусім немагчыма ўявіць такога чалавека, які адказвае за пытанні развіцця культуры, адукацыі, захавання мовы. Гэта відавочна немагчыма.

А пошук фінансаў? Простая і зразумелая праца. Ёсць планавы бюджэт, ёсць патэнцыйныя крыніцы, задача – правільна сфармуляваць мэты працы Кабінету, «загарнуць праект» у прэзентацыю і «прадаць» (у пераносным, натуральна, сэнсе). Ёсць на рынку адмыслоўцы, якія маюць такі досвед? Вядома!

Каментар
Не трагедыя, але сумна. Аналітык Мажэйка пра адстаўку Зарэцкай і новыя выклікі перад Кабінетам
2022.11.02 17:20

Якія будуць мінусы ад таго, што пасада будзе жыць без нацыянальнай, ідэалагічнай абалонкі? Такое прызначэнне не выкліча ніякага шуму ў публічным полі, не будзе бурных дэбатаў, не дадасць каму-небудзь ілюзорных палітычных балаў, не стане яшчэ адною падпоркаю пад Кабінетам.

Якія плюсы? Адсутнасць вонкавага шуму і магчымасці ціснуць на такога прадстаўніка збоку як спецыяльна навучаных людзей з Беларусі, так і «расчараваных грамадзянаў», у тым ліку і журналістаў, з асяроддзя беларускай супольнасці за мяжою.

Ёсць тут адзін невідавочны пабочны эфект. Такі спецыяліст папросіць дакладна апісаць: мэты дзейнасці Кабінету; праблемы, якія ён развязвае; прынцыпы і бізнес-працэсы; беспасярэдні эфект ад працы Кабінету для стэйкгоўлдараў, у першую чаргу – шараговых беларусаў унутры краіны. І вось тут у нас могуць быць праблемы. Прынамсі за тры месяцы працы Кабінету публічных адказаў на гэтыя пытанні няма, на мой шчыры жаль. І гэта горш за правал у кадравай палітыцы.

P. S. У здаровай грамадскай сістэме пасля сыходу міністра дзейныя палітычныя сілы, якія карыстаюцца падтрыманнем выбарнікаў, павінны вылучыць сваіх кандыдатаў на гэтую пасаду. І, пасля публічных і непублічных дэбатаў, праз працэдуру галасавання зацвердзіць аднаго з прадстаўнікоў на пасадзе.

Здаецца, я зусім размроіўся, так?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў