Вольга Карач выйграла суд з літоўскім Дэпартаментам міграцыі


Віленскі акруговы адміністрацыйны суд разгледзеў скаргу кіраўніцы грамадскай арганізацыі «Наш дом» Вольгі Карач супраць Дэпартаменту міграцыі МУС Літвы і прызнаў парушэнне ейных правоў. Прычына ў тым, што ейная заява аб наданні прытулку разглядалася занадта доўга, паведамляе lrt.lt.

Кіраўніца арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач.
Фота: Ольга Карач / Facebook

Суд прызнаў, што хадайніцтва Вольгі Карач аб прадастаўленні прытулку разглядалася занадта доўга – яно доўжылася амаль год, хоць законам не прадугледжаная магчымасць падаўжэння гэтага тэрміну. Паводле закону заява аб наданні прытулку павінна быць разгледжаная не даўжэй як цягам шасці месяцаў з дня падачы заявы.

У скарзе Карач таксама прасіла суд абавязаць Дэпартамент міграцыі разгледзець ейную заяву аб наданні прытулку на працягу аднаго месяца з дня ўступлення рашэння ў сілу. Аднак суд спыніў справу, палічыўшы, што заява аб наданні прытулку ўжо была разгледжаная.

Таксама суд не стаў задавальняць патрабавання Карач выплаціць ёй 5000 еўраў кампенсацыі маральнай шкоды. Дэпартамент міграцыі пакрые толькі судовыя выдаткі памерам 400 еўрўа. Аднак Вольга заявіла, што мае намер абскардзіць гэтае рашэнне. Паводле ейных словаў, кампенсацыі недастаткова.

У каментары KYKY.org Вольга Карач заявіла, што на цяперашні момант ёй выдадзены часовы від на жыхарства ў Літве тэрмінам на год. Яна кажа, што яго выдалі яшчэ 24 жніўня, менш як праз тыдзень пасля таго, як улады Літвы назвалі Вольгу «пагрозай нацыянальнай бяспецы».

Міністр унутраных справаў Літвы Агне Білатайце заявіла, што абмяркуе справу Карач з кіраўніком Дэпартаменту міграцыі.

«Для пачатку я б хацела растлумачыць усю сітуацыю. Я буду абмяркоўваць гэты канкрэтны выпадак з кіраўніком Дэпартаменту міграцыі, і пасля гэтага мы прымем адпаведныя рашэнні», – заявіла Білатайце.

У канцы жніўня Вольга Карач заявіла, што Літва адмовіла ёй у прытулку і што гэта звязана з ейным інтэрв’ю з Уладзімірам Жырыноўскім і наведваннем канферэнцыяў у Расеі. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы аднак заявіў, што прычыны адмовы іншыя. Літоўскія медыі пісалі, што Карач могуць падазраваць у сувязях з расейскай выведкай, аднак сама актывістка адмаўляе гэта.

Вольга Карач была занесеная ў Беларусі ў «спіс тэрарыстаў» у верасні 2021 года, сама арганізацыя была абвешчаная «экстрэмісцкім фармаваннем», а YouTube- і Telegram-каналы «Нашага дому» былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. У снежні 2022 года лукашэнкаўскі рэжым ануляваў Вользе Карач беларускі пашпарт.

Hавiны
Ціханоўская пра сітуацыю з Карач: у мяне няма падставаў не давяраць літоўскім службам
2023.08.23 15:58

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў