Літоўская мытня спыніла імпарт беларускай драўніны «з Казахстану і Кыргызстану»


Літоўская мытня паведаміла, што ў 2023 годзе здолела спыніць увоз драўніны і вырабаў з яе з Казахстану і Кыргызстану. Як заяўляецца, пад яе выглядам у Літву ўвозілася падсанкцыйная прадукцыя з Беларусі і Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У Літоўскай мытні адзначылі, што пасля пачатку вайны ва Украіне пачасціліся выпадкі, калі драўніну або вырабы з яе, зробленыя ў Расеі і Беларусі, спрабавалі завезці на мытную тэрыторыю Еўразвязу ў абыход санкцыяў.

Але Літоўская мытня ў канцы 2022 года ўзмацніла кантроль такіх тавараў у пунктах пропуску з Беларуссю і Калінінградскаю вобласцю РФ, пачала больш старанна правяраць дакументы і маршруты транспартавання тавараў. Таксама мытнікі пачалі патрабаваць не толькі вывазу тавараў з трэціх краінаў, але і дакументаў, якія пацвярджаюць паходжанне тавараў, у тым ліку дакумент, што змяшчае звесткі пра вытворцу тавару і адрас вытворчасці. Былі выпадкі, калі шматкватэрны дом пазначаўся ў якасці месца вытворчасці, а кіроўцы мелі некалькі камплектаў дакументаў – адныя для Беларусі, другія для Літоўскай мытні.

Калі выяўлялася, што не выкананыя ўмовы транспартавання тавараў транзітам праз Расею і/або Беларусь, або не пададзеныя дакументы, што пацвярджаюць паходжанне тавараў, увоз драўніны і вырабаў з яе на мытную тэрыторыю Еўрапейскага Звязу не дазваляўся.

ВІДЭА
Беларусь надалей прадае санкцыйныя фанеру і пэлеты ў ЕЗ
2023.04.03 12:05

Еўрапейскія санкцыі на беларускую драўніну і вырабы з яе былі ўведзеныя ў сакавіку 2022 года за саўдзел рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны. Прэсавая служба канцэрну «Белляспаперпрам» у пачатку 2023 года паведаміла, што адным з новых рынкаў збыту зрабіўся Кыргызстан. Летась прадпрыемствы «Белляспаперпраму» экспартавалі ў Кыргызстан прадукцыі ўтрая больш у параўнанні з 2021 годам. Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру высветлілі, што значна вырас экспарт прадукцыі драўніны і ў Казахстан. Але за гэтаю статыстыкаю хаваюцца спробы абыходу санкцыяў ЕЗ супраць афіцыйнага Менску.

Пры гэтым, калі Еўразвяз увёў санкцыі супраць беларускай дрэваапрацоўчай галіны, «увоз драўніны з Казахстану і Кыргызстану пачаў расці ў геаметрычнай прагрэсіі». Імпарт драўніны з Казахстану ў ЕЗ вырас у 74 разы, а з Кыргызстану – прыкладна ў 18 тысяч разоў, калі параўнаць перыяды 2022 года з 2021 годам. Адметна, што гэтыя краіны не вылучаюцца высокаю лясістасцю.

Каментар
Фірмы-пракладкі і адкрытая кантрабанда. Як Беларусь абыходзіць санкцыі
2023.03.12 10:52

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў