Вялікая Брытанія наклала санкцыі на беларускую кампанію, што выпускае беспілотнікі


6 снежня пад санкцыі Вялікай Брытаніі трапілі 46 фізічных асоб і кампаніяў, датычных забеспячэння і фінансавання Узброеных сілаў РФ і расейскага ВПК. Сярод іх згадваецца і адна беларуская кампанія з Віцебска.

Стэнд КБ «Дысплей» на X Міжнародным ваенна-марскім салоне ў Санкт-Пецярбургу, які праходзіў у 2021 годзе.
Фота: mashnews.ru

У пакет санкцыяў Вялікай Брытаніі трапілі кампаніі з Расейскай Федэрацыі, Кітая, Сербіі, Турцыі, ААЭ, Узбекістана, паведамляе выданне «Зеркало». Паводле брытанскіх урадоўцаў, гэты крок дазволіць пазбавіць Пуціна рэсурсаў, неабходных для вядзення незаконнай вайны супраць Украіны. 

Пад санкцыі трапіла 31 фізічная і юрыдычная асоба з Расеі, звязаныя з вытворчасцю дронаў і ракетных частак, а таксама з імпартам кампанентаў электронікі.

Знайшлося ў спісе месца і беларускаму канструктарскаму бюро «Дысплей», якое сярод іншага займаецца выпускам ударных беспілотнікаў тыпу «Квадра-1400» і «Баражавальная труба», што выкарыстоўваюцца беларускай арміяй.

Сярод прадукцыі гэтага прадпрыемства ёсць таксама экраны, вадкакрысталічныя панэлі для авіяцыйных шматфункцыянальных індыкатараў, сістэмы індыкацыі і іншыя. З 2007 года КБ «Дысплей» распрацоўвае аўтаматызаваны дыстанцыйна кіраваны назіральна-агнявы комплекс «Адунок», аснашчаны камерамі, цеплавізарам і лазерным дальнамерам – такая сістэма ўсталёўваецца на паваротную вежу і дазваляе праводзіць кругавое назіранне і паражэнне мэтаў.

Нагадаем, што 12 траўня Украіна ўвяла санкцыі супраць 17 прадпрыемстваў з Беларусі, сярод якіх таксама было і КБ «Дысплей».

Раман Шавель belat.eu

Стужка навінаў