Украіна ўвяла санкцыі супраць прадпрыемстваў з Беларусі і Расеі. Зяленскі падпісаў пакет указаў


Украіна ўвяла санкцыі супраць 17 прадпрыемстваў з Беларусі. У санкцыйным спісе таксама 183 прадпрыемствы з Расеі. Адпаведныя ўказы падпісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Уладзімір Зяленскі.
Фота: president.gov.ua

12 траўня Украіна ўвяла 5 пакетаў санкцый, якія агулам тычацца 200 прадпрыемстваў з Беларусі і Расеі. У спісе на прамую згадваюцца 17 беларускіх прадпрыемстваў. Па словах прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, новыя санкцыі працягваюць курс на ізаляцыю і блакіроўку расейскай вайсковай прамысловасці.

«Сотні фізічных і юрыдычных асоб дзяржавы-тэрарыста і звязаных з Расеяй становяцца мішэнню глабальнай ізаляцыі. Вельмі актыўна працуем з партнёрамі, каб усе, хто фактычна робіць гэтую агрэсію, хто дае зброю, боепрыпасы, тэхніку і тэхналогіі ў рукі тэрарыстаў – каб усе яны былі раздушаныя светам», – сказаў Зяленскі.

Украінскі лідар таксама падзякаваў усім, хто дапамагае «Украіне ціснуць на Расею за гэтую вайну, а таксама блакаваць спробы дзяржавы-тэрарыста абыходзіць санкцыі». Ён таксама падкрэсліў, што спроба абысці санкцыі, уведзеныя для абмежавання рэсурсаў агрэсіі, або садзейнічанне ў гэтых намаганнях «павінна вызначацца як адно з самых цяжкіх злачынстваў супраць міжнароднага права і міжнароднага свету».

Ва ўкраінскі санкцыйны спіс трапілі ААТ «Гомельскі радыёзавод», ААТ «Пеленг», Навукова-вытворчае унітарнае прадпрыемства «Навуковатэхнічны цэнтр «ЛЭМТ» БелОМА», ААТ «Магілёўскі металургічны завод»,

ААТ «Беларускі металургічны завод-кіруючая кампанія холдынгу «Беларуская металургічная кампанія»», ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-Холдынг», ААТ «БЕЛАЗ-СЭРВІС», ААТ «Старадарожскі механічны завод», ААТ «Кузлітмаш», ААТ «Кранавы завод», СЗАТ «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод», ААТ «Гомсельмаш», ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармалей», ТАА «ВК Лакаматыў-сэрвіс», ААТ «Канструктарскае бюро «Дысплей»», Першасная прафсаюзная арганізацыя дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут парашковай металургіі імя акадэміка А.В.Рамана».

Мірон Маліна

Стужка навінаў