Гіркін раскрытыкаваў расейскую армію і вярнуўся з фронту ў Маскву


Былы міністр абароны «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) вярнуўся ў Маскву. Пра гэта ён заявіў у сваім Telegram-канале.

Ігар Гіркін (Стралкоў).
Фота: Ігар Гіркін / Telegram

Ігар Гіркін (Стралкоў), які яшчэ ў 2014 годзе пачаў вайну на Данбасе, напісаў, што вярнуўся ў Маскву і жорстка раскрытыкаваў расейскую армію. Некалькі месяцаў таму Гіркін проста рваўся на вайну і жадаў быць на лініі фронту. Але праз некаторы час такое жаданне знікла. На думку Гіркіна, цяпер у расейскім войску назіраецца крызіс стратэгічнага планавання:

«Вайскоўцы ваююць «па інерцыі», не маючы ні найменшага разумення пра канчатковыя стратэгічныя мэты гэтай ваеннай кампаніі ды толькі здагадваючыся пра смутныя планы камандавання адносна такіх грандыёзна-бессэнсоўных рухаў, як будаўніцтва зусім вар’яцкай паводле бескарыснасці (але дзіка дарагой паводле кошту выканання) «Лініі Суравікіна».

Вайсковае пасведчанне Гіркіна.
Фота: Ігар Гіркін / Telegram

На думку былога міністра абароны «ДНР», сярод салдатаў пануе апатыя, няма стратэгіі. Пры гэтым ён перакананы, што зацяжная вайна станецца катастрофаю для Расеі. Ужо ўзімку расейскім войскам варта чакаць новыя страты.

Палітычныя аглядальнік Аляксандр Фрыдман у сваім Telegram-канале піша, што вяртанне Гіркіна ў Маскву сведчыць пра рэальны стан расейскай арміі:

«Стралкоў – злачынца і радыкальны вораг Украіны і Еўропы, але гэта не прапагандыст-хлус з віламі ў Італіі ды кватэрамі ў Нямеччыне, які банальна адпрацоўвае свой ганарар. Гэта ідэйны вораг, які кажа тое, што думае, і не хавае праўды пра драматычную для Расеі сітуацыю на фронце».

Разбор
Фігурантаў справы МН17 завочна прыгаварылі да пажыццёвага зняволення. Ці сядуць яны некалі ў турму?
2022.11.19 10:33

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў