Беларусы зноў зладзяць ва Украіне фестываль беларускага дакументальнага кіно


Другі фестываль беларускага дакументальнага кіно «1084. На мяжы» плануюць правесці ў Кіеве, Бучы, Тэрнопалі, Луцку і Адэсе.

«1084. На мяжы»
Афіша кінафестывалю «1084. На мяжы». Выява: Fest1084.org

Аб’яднанне «Звяно» (якое таксама называе сябе па-ўкраінску: «Ланка») анансавала другі фестываль беларускіх дакументальных фільмаў «1084. На мяжы». 1084 кіламетры – працягласць беларуска-ўкраінскай мяжы, праз якую 24 лютага 2022 года пайшлі атакай на Украіну расейскія войскі. Першы фэст правялі ўжо пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

У праграме фестывалю фільмы «Святая вада» Андрэя Куцілы, «Новае неба над новай краінай: прагулкі з Пушкіным» Вольгі Прусак, «Беларускі вальс» Анджэя Фідыка, «Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча, «Кураж» Аляксея Палуяна, а таксама адзін фільм, пра які не могуць расказваць з меркаванняў бяспекі аўтараў.

9, 10 і 11 лістапада запланаваныя паказы ў Адэсе; 18, 19 і 20 лістапада – у Луцку; 18, 25 і 26 лістапада – у Бучы. У снежні плануюць правесці паказы ў Тэрнопалі, у студзені – у Кіеве. Праграма фестывалю будзе ўдакладняцца, сачыць за ёй можна на сайце, на Facebook і Instagram.

Уваход на паказы вольны, але ахвочыя змогуць ахвяраваць грошы на матэрыялы для ўкраінскіх вайсковых і грамадскіх шпіталях.

«Звяно» дзейнічала ў Менску з 2013 года. У 2021 годзе пяць актывістак аб’яднання арыштавалі, у офісе і кватэрах актывістаў правялі ператрусы. У 2022 годзе аб’яднанне ліквідавалі ў Беларусі, а яно аднавіла рэгістрацыю ва Украіне. Цяпер яно займаецца гуманітарнай дапамогай, рэабілітацыяй былых вайскоўцаў (і мае свой рэабілітацыйны цэнтр пад Кіевам), а таксама культурнымі праектамі.

Hавiны
Актывістка Гацура-Яворская з’ехала з-пад следства ва Украіну
2022.03.13 16:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў